Перамовы прэзідэнтаў Беларусі і Узбекістана пройдуць сёння ў Палацы Незалежнасці

1 августа 2019
Напярэдадні Шаўкат Мірзіёеў прыбыў у Мінск з афіцыйным візітам. Чакаецца, што лідары абмяркуюць шырокае кола пытанняў. Акцэнт - на ўмацаванні эканамічных адносін. Прэзідэнты разгледзяць перспектывы сумесных праектаў у самых розных сферах. Асаблівая ўвага - узмацненню міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, паглыбленню вытворчай кааперацыі і забеспячэнню спрыяльных умоў для гандлю. Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў абмяркуюць і палітычны парадак дня - сітуацыю ў рэгіёне і свеце.

Учора ў лідараў Беларусі і Узбекістана была магчымасць пагутарыць у нефармальнай атмасферы. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Шаўката Мірзіёева праходзіла ў маляўнічым месцы - дзяржаўнай рэзідэнцыі “Заслаўе”. І хоць фармат размовы "без гальштукаў", але менавіта такія моманты асабліва каштоўныя. Яны дазваляюць падтрымліваць даверны асабісты дыялог, які ў выніку будзе на карысць і супрацоўніцтву краін. Цікавы момант: сустрэча праходзіла ў разьбяной альтанцы з усходнім каларытам - яна якраз была прэзентаваная кіраўніком Узбекістана летась. Тады пасля візіту нашага Прэзідэнта ў Ташкент у двухбаковых адносінах Беларусі і Узбекістана прайшла перазагрузка. У знак сяброўства і асаблівай прыхільнасці лідары абмяняліся падарункамі.