Ад прыцягнення інвестыцый да прыярытэтаў у міжнародным супрацоўніцтве. Эканоміку абмяркоўваюць Прэзідэнт і ўрад

2 августа 2019

Ад пытанняў прыцягнення інвестыцый і паляпшэння дзелавога асяроддзя да прыярытэтаў у міжнародным супрацоўніцтве. Гэта асноўныя тэмы нарады Прэзідэнта з урадам, якая праходзіць у гэтыя хвіліны ў Палацы Незалежнасці.

У адной зале ўсё кіраўніцтва Савета Міністраў і вышэйшыя службовыя асобы краіны. Такі фармат абмеркавання актуальных пытанняў, якія закранаюць розныя сферы жыцця, у графіку Кіраўніка дзяржавы рэгулярны. Гэта добрая магчымасць напроста дэталёва вывучыць надзённыя тэмы, ад якіх залежыць і праца ў цэлым нашай эканомікі, і ў прыватнасці дабрабыт беларусаў. Парадак сённяшняга дня ахоплівае не толькі ўнутрыбеларускія пытанні. Так, плануецца абмеркаваць тэму супрацоўніцтва з Расіяй. А да 2021 года Беларусь і Расія разлічваюць прыйсці да адзіных галіновых рынкаў. Размова не толькі пра нафтагазавы сектар, але і пра прамысловую прадукцыю, сельгас- і транспартныя рынкі.

На нарадзе таксама абмяркуюць пытанні паляпшэння дзелавога асяроддзя і павышэння інвестыцыйнай прывабнасці нашай краіны. Так, Беларусь працягвае шлях да лібералізацыі бізнесу. Па выніках першага паўгоддзя ў краіне вырасла колькасць ІП і сума выплачаных імі падаткаў. А па выніках 2018 у рэйтынгу Doing Business (гэта навігатар для ўсёй дзелавой супольнасці) Беларусь на 37-й пазіцыі з 190 дзяржаў. У планах нашай краіны ўвайсці ў трыццатку.