Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Турцыю плануецца ў сярэдзіне красавіка

19 марта 2019

Пра гэта стала вядома ўчора падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і пасла Турцыі ў Палацы Незалежнасці. Беларускі лідар і кіраўнік дыпмісіі ў нашай краіне абмеркавалі пытанні і планы, якія неабходна рэалізаваць перад візітам. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, усе праблемы, калі яны ёсць, неабходна вырашаць адразу.

Адзначым, неўзабаве адбудзецца пасяджэнне беларуска-турэцкай міжурадавай камісіі. І Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што гэта стане добрай падмогай напярэдадні перамоў з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам. Дыпламатычныя адносіны Беларусі і Турэцкай Рэспублікі доўжацца ўжо больш за чвэрць стагоддзя. Беларускі лідар неаднаразова наведваў гэтую ўсходнюю краіну. Апошні візіт Эрдагана ў Мінск адбыўся ў 2016 годзе.