Пра інтарэсы ў сферы эканомікі і бяспекі гаварылі на двухбаковых сустрэчах у Палацы Незалежнасці

29 июня 2018

Аб'ядноўвае нашы краіны не толькі агульная старонка ў гісторыі. Узаемная цікавасць ёсць у эканоміцы і сферы бяспекі. Аб развіцці адносін у гэтым кірунку гаварылі сёння падчас двухбаковых сустрэч Прэзідэнта Беларусі з лідарамі Германіі і Аўстрыі. Пасля памятных мерапрыемстваў у Трасцянцы, Кіраўнік дзяржавы прыняў высокіх гасцей у Палацы Незалежнасці, дзе па сутнасці прадоўжылася размова, як важна ў сучасным свеце ўмець дамаўляцца. Вось і сёння лідары ўмовіліся аб пэўных кроках у кірунку поўнафарматнага дыялогу.

Падрабязнасці - у Вольгі Макей.

Дыпламаты называюць візіт прэзідэнта Аўстрыі ў Беларусь не проста радавым, а гістарычным. Ван дэр Белен - першы кіраўнік рэспублікі, які наведвае нашу краіну з моманту ўсталявання адносін. А вось Аляксандр Лукашэнка ў Аўстрыі быў двойчы.

Калі ў Палацы Незалежнасці федэральны прэзідэнт упершыню, то федэральны канцлер - Себасцьян Курц - ужо прылятаў у Мінск, праўда, на пасадзе міністра замежных спраў. У нядаўняй тэлефоннай размове палітык запрасіў беларускага лідара наведаць Аўстрыю.

Цёзка Аляксандра Лукашэнкі, Аляксандр Ван дэр Белен кіруе краінай паўтара года. Дарэчы, продкі па бацькаўскай лініі - выхадцы з Расіі, бацька нарадзіўся ў Пскове. Пазней сям'я пераехала ў Эстонію, затым у Германію, дзе жыла ў лагеры для бежанцаў. Палітычнае жыццё ён пачынаў на баку сацыял-дэмакратаў, затым увайшоў у партыю "Зялёных". Пры ім гэтае аб'яднанне ўпершыню атрымала больш за 10 працэнтаў галасоў на парламенцкіх выбарах. Пра Аляксандра Ван дэр Белена гавораць: прыстойны і эрудзіраваны палітык. А ў сям'і на рускі манер называюць проста Сашам.

Ужо на двухбаковай сустрэчы палітыкі не толькі падзеляцца ўражаннямі ад сённяшняга наведвання мемарыяла, але абмяркуюць і адносіны паміж краінамі. Беларускі лідар нават праанансуе свой візіт у Аўстрыю ў найбліжэйшы час і запросіць Ван дэр Белена ў Мінск, на Еўрапейскія гульні. У развіцці дыялогу з Венай Мінск зацікаўлены. Датычыцца гэта не толькі эканомікі, але і тэмы гарантавання рэгіянальнай бяспекі.

Акрамя таго, ужо заўтра Аўстрыя на найбліжэйшыя паўгода афіцыйна стане старшынёй у ЕС. Таму сам факт візіту дэманструе: новыя якасці набываюць не толькі двухбаковыя адносіны, але і шырэй - супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.

Аляксандр Ван дэр Белен, прэзідэнт Аўстрыі: "Я дзякую Вам за прыязны і гасцінны прыём у Мінску. Я быў здзіўлены, ды і нас у Аўстрыі здзівіла, наколькі гэтае месца памяці - Трасцянец - выпала з агульнаеўрапейскай памяці. Менавіта для Аўстрыі значэнне гэтага месца вельмі вялікае! Яго нельга недаацэньваць".

Аўстрыя - у ліку тых еўрапейскіх партнёраў, якіх адносяць да лідараў па супрацоўніцтве. Гэтая краіна на першым месцы сярод заходніх інвестараў у Беларусь. Насельніцтва - параўнальна з нашым, там на мільён чалавек менш, як і мы - аўстрыйцы не маюць выхаду да мора. Падобныя дзяржавы і па менталітэце: кансерватыўныя, з традыцыйнымі каштоўнасцямі, таму і агульную мову знаходзіць прасцей. Абсалютную долю свайго ВУП Аўстрыя вырабляе за мяжой, таму зацікаўленая ў прысутнасці кампаній па ўсім свеце, адна з апорных кропак - Беларусь.

Прыклад - прадпрыемства Кронашпан. Аўстрыйскі інвестар у Свабоднай эканамічнай зоне Магілёў арганізаваў выпуск дрэўных пліт (гэта інавацыі для будаўніцтва) і сінтэтычных смол, якія замяшчаюць імпарт. У планах запусціць завод па выпуску металаканструкцый у Магілёве і пашырыць вытворчасць МДФ у Смаргоні.

Візіт аўстрыйскага прэзідэнта праходзіць на фоне прыкметнага росту ўзаемнай эканомікі. Тавараабарот за мінулы год - 177 мільёнаў долараў, амаль на чвэрць дадалі да ўзроўню 2016-га. Яшчэ плюс 25 % нарасцілі ў пачатку гэтага года. А вось экспарт беларускіх паслуг за 4 месяцы 2018-га ўжо вырас удвая - да 26 мільёнаў долараў.

У Палацы Незалежнасці сёння сустракалі і прэзідэнта Германіі. У Беларусь Франк-Вальтэр Штайнмаер прылятае ўжо трэці раз, да гэтага яшчэ на пасадзе міністра замежных спраў двойчы ўдзельнічаў у мінскіх перамовах па Украіне.

Шлях Штайнмаера ў палітыку быў няпростым. Выхадзец з рабочай сям'і, вывучаў права і нават абараніў доктарскую на тэму правоў бяздомных. Яго кар'ера пачалася ў камандзе Герхарда Шрэдэра. Сацыял-дэмакрат, узначальваў знешнепалітычнае ведамства ў двух кабінетах Ангелы Меркель. Прэзідэнцкія выбары выйграў крыху больш за год назад. І хоць знешнюю палітыку ФРГ вызначае канцлер, а не прэзідэнт, Штайнмаер валодае важкім уплывам і прадстаўляе краіну на міжнароднай арэне. Ужо некалькі гадоў запар ён у топе самых папулярных палітыкаў Германіі.

Аляксандр Лукашэнка і Франк-Вальтэр Штайнмаер сустракаюцца ўпершыню. У апошнія гады палітычныя кантакты прыкметна актывізаваліся. У 2016-м Берлін выступіў у падтрымку рашэння савета ЕС аб адмене большасці санкцый у дачыненні Беларусі.

Пасля спаду ў гандлі, які стаў вынікам сусветнай кан'юнктуры, апошні час тавараабарот расце. За 2017-ы - 2 мільярды 800 мільёнаў долараў. Толькі за 4 месяцы з пачатку гэтага года ўзаемны гандаль ужо прырос на 34 %. Германія традыцыйна ў лідарах гандлёвых партнёраў Беларусі: на чацвёртым месцы пасля Расіі, Украіны і Кітая.

Але сённяшнюю размову прэзідэнты пачынаюць з тэмы агульных для дзвюх дзяржаў няпростых старонак гісторыі. Як скажа нямецкі палітык, сёння немагчыма перадаць жах трагедыі таго часу.

Памяць ахвяраў нацызму паважаюць і ў Германіі. Гэта цэнтр Берліна. Мемарыял ахвярам халакосту. 2711 бетонных пліт. Без імёнаў, прозвішчаў і дат... Вялізнае поле смерці. А вузкія праходы паміж плітамі зробленыя так, што ўдвух не прайсці: у адзіноце куды магутней адчуваецца пачуццё страчанасці і невядомасці… Германія аказала і фінансавую дапамогу падчас стварэння мемарыяльнага комплексу ў Трасцянцы.

Сённяшні няпросты эмацыянальна, і цяжкі (з-за шчыльнасці графіка) дзень завяршыўся экскурсіяй па Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт паказаў калегу з Германіі тую самую Зялёную залу, дзе 17 гадзін праходзілі лёсавызначальныя для рэгіёна перамовы "нармандскай чацвёркі", каб асвяжыць у памяці ход тых знакавых падзей трохгадовай даўнасці. І здаецца, у той момант прэзідэнт Германіі не ўтойвае настальгічных нотак. Бо гэта тое самае месца, дзе ўсё пачыналася. Пачыналіся мірныя перамовы аб будучыні Украіны.

Дарэчы, з Мінска ў Аўстрыю і Германію адправяцца і падарункі ад Аляксандра Лукашэнкі. Сувенірныя манеты, беларускі лён і новы шакалад пад брэндам "Прэзідэнт".

Сёння ў Палацы Незалежнасці прэзідэнты шмат гаварылі пра палітыку, эканоміку, пра тое, у якіх сферах Мінск, Берлін і Вена могуць быць карысныя адзін аднаму. Але ўсё ж чырвонай ніткай перамоў было іншае: гэта разуменне, што без асаблівага стаўлення да агульнай гісторыі і памяці - будучыню не пабудаваць.