Аб эфектыўным гаспадаранні на зямлі сёння гаварылі на вышэйшым узроўні

29 сентября 2017

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка традыцыйна надае асаблівую ўвагу працы аграрыяў на кожным этапе. Зараз поўным ходам ідуць асеннія палявыя працы. Завяршаецца сяўба азімых, працягваецца ўборка бульбы, цукровага бурака, льна і кукурузы. Гаспадаркі нарыхтоўваюць кармы. Падчас рабочага візіту Кіраўніка дзяржавы ў Мінскую вобласць гучаць асноўныя акцэнты - максімальна аператыўна дасеяць азімыя і не страціць ураджай у палях. Але гэта, як гаворыцца, вяршкі - тое, што неабходна прама зараз. Закранулі і карэньчыкі - аграперспектывы, пытанні селекцыі і новых культур, цэнаўтварэнне. Аб культуры земляробства - матэрыял Вольгі Макей.

Людзі, якія працуюць на зямлі, жывуць па сваім, асаблівым распарадку. Яго дыктуе прырода, бо для кожнай справы ў яе свой час, прапусціць які, значыць застацца без хлеба. Законы беларускага кліматычнага пояса ні на гадзіну не даюць расслабіцца. Пасля кругласутачнай уборачнай наступае час нарыхтоўкі кармоў, паралельна на палях працуюць з познімі культурамі. Зараз жа самая актуальная задача - завяршыць сяўбу азімых.

Гэта і ёсць наш будучы рэспубліканскі каравай з пазнакай 2018. Рыхтаваць яго пачынаюць менавіта зараз, у верасні-кастрычніку, якім ён будзе, пакуль прадказаць цяжка. Але менавіта гэтыя першыя зерні для хлебаробаў на асаблівым рахунку. Нездарма гавораць - зямля як талерка, што пакладзеш, тое і возьмеш.

Важна не толькі што, але і як - а гэта тэхніка і тэхналогіі, калі ўсё выконваецца - будзе якасць, а значыць і попыт. Мы ўжо даўно прывыклі, што на паліцах у магазіне можна знайсці дзясяткі відаў хлеба: белага, чорнага, шэрага. Асартымент - нібы індыкатар харчовай бяспекі. Але ўсім добра знаёмыя і іншыя прыклады з пачатку 90-х. Адсюль і заўсёды такі сур'ёзны падыход да працы ў полі на ўсіх узроўнях.

Ход уборачнай і пасяўной заўсёды на кантролі Прэзідэнта. Нават зараз, калі, здавалася б, ужо ясна, што краіна будзе з хлебам, Аляксандр Лукашэнка зноў у полі. Гэтым разам у Мінскай вобласці. Адразу пасля прыбыцця пытанне пра ўборку позніх культур. Ці будзе краіна з грэчкай?

Калі на старце ўборачнай аграрыі наракалі на надвор'е, маўляў, дажджы зацягнулі тэрміны, то цяперашнія сонечныя дні трэба выкарыстоўваць па максімуме. Тычыцца гэта і сяўбы азімых (абяцаюць справіцца да 4 кастрычніка) і асабліва ўборкі кукурузы. Пакуль па краіне на сілас сабралі ўраджай з 36 % плошчаў, на зерне - толькі 8.

Гаспадарка "Кухчыцы", на палях якога сёння правёў рабочы дзень Прэзідэнт, самая звычайная. Такі моцны сярэднячок. Тут займаюцца вытворчасцю малака, мяса. Ад гэтага кірунку сёлета чакаюць выручку 5 з паловай мільёнаў рублёў. Вырошчваюць тут збожжавыя, рапс, буракі, бульбу. Аляксандр Лукашэнка паўтарае - галоўнае захаваць ураджай. І нагадвае аб даручэнні - агародніну трэба складаваць у сховішчы, а сянаж - у сучасныя траншэі. Словам, у 2018 аграрыям трэба будзе здаць іспыт па культуры земляробства і навядзенні парадку.

Зараз у Клецкім раёне - 11 сельгаспрадпрыемстваў. 2 з іх былі ва ўласнасці ў прыватнікаў, вырашылі паспрабаваць такі вопыт. Але перадача зямель у рукі інвестарам не заўсёды дае станоўчы вынік. Старшыня райвыканкама тлумачыць, што не справіліся: гаспадаркі сталі працаваць неэфектыўна. Сапраўды, у АПК у дзяржавы свае, апрабаваныя часам традыцыі працы на зямлі. Падыходы прыватных інвестараў, як паказала практыка, не заўсёды працуюць на вынік.

Цукровы бурак. У краіне гэты караняплод убралі з траціны палёў. А ў гаспадарцы "Кухчыцы" ідуць на рэкорд. Сярэдняя ўраджайнасць з гэтых салодкіх зямель амаль удвая вышэйшая за рэспубліканскую - 617 цэнтнераў з гектара. Імаверна, менавіта гэтыя плады - будучы цукар-рафінад, а перапрацоўваюць на Слуцкім камбінаце.

Малады кіраўнік Сяргей Здрок узначальвае гаспадарку менш за год. Да гэтага ў "Кухчыцах" быў галоўным аграномам. Амбіцыі, прафесійная рызыка і любоў да сваёй справы даюць вынік. Пакуль адны наракалі на надвор'е, Сяргей насуперак дажджам і дэфіцыту сонца імкнуўся перасягнуць свае леташнія аграрэкорды.

Сёлета ў краіне плануюць убраць 4,5 мільёна тон цукровага бурака. А вось галоўны паказчык - цукрыстасць - залежыць ад тэхналогіі і знешніх фактараў. Калі ідуць дажджы - расце бацвінне, а плод набірае вільгаць. У сонечнае надвор'е назапашваецца цукар. У Клецкім раёне гэты паказчык вышэйшы за сярэдні па краіне.

Самым салодкім годам для аграрыяў быў 2014, тады сярэдні паказчык цукрыстасці па краіне быў 17 %. Нямала залежыць і ад сартоў. "Ала", "латыфа", "акацыя". Такія вось жаночыя назвы ў разнавіднасцяў буракоў, але самым пладавітым лічаць "бялполь".

Цікава: насенне салодкага караняплода для нашых палёў беларускія селекцыянеры вырошчваюць на поўдні Італіі і ў Сербіі. Вось такое міжнароднае супрацоўніцтва. А каб забяспечыць краіну насеннем, дастаткова засеяць 100 гектараў.

Царыца палёў - кукуруза - як вядома, культура пераборлівая. Любіць цеплыню. Яшчэ некаторы час таму задуму развіцця айчыннага насенняводства лічылі рызыкоўнай, бо працэс вырошчвання зерня тэхналагічна складаны. Беларускія аграрыі знайшлі падыход, на зерне гэтую культуру апрацоўваюць у асноўным на поўдні краіны, пабудаваныя два сучасныя кукурузакалібровачныя заводы.

У гаспадарцы "Кухчыцы" Мінскай вобласці таксама робяць стаўку на залатое зерне і ўжо пралічылі прыбытак. Аграрыі прагназуюць: рэнтабельнасць - 170%. Галоўнае - хутка сабраць ураджай і разумна яго прадаць.

Кукуруза - гэта не толькі каштоўнае зерне, у першую чаргу, важная і каларыйная крыніца энергіі ў рацыёне жывёл. У гаспадарцы "Кухчыцы" пару яму складае пакуль нязвыклы для беларускіх шырот, але перспектыўны сорга.

Багатая цукрам кармавая 4-метровая культура (выхадзец з Афрыкі) ў міксе з зялёнай масай кукурузы ўзбагачае меню кароў. Акрамя таго, сорга сеюць напрыканцы вясны, а значыць, з гэтай зямлі можна сабраць яшчэ і ўраджай травяністых кармоў.

Сорга таксама цеплалюбная расліна, але ў адрозненне ад суседа па полі ўстойлівая да засухі і патрабуе менш угнаенняў. У Беларусі гэта свайго роду эксперымент. Але аграрыі не сумняваюцца: для некаторых раёнаў суданская трава можа стаць альтэрнатывай кукурузе, якая расце і спее даўжэй. Выбар за кіраўнікамі гаспадарак.

Яшчэ адзін карысны дадатак да рацыёну жывёл – плюшчанае зерне. Яно больш карыснае, чым высушанае - лепш пераварваецца і забяспечвае патрэбнымі элементамі. Захоўваюць карысную страву ў спецыяльным рукаве, падобна вакууму. Акрамя таго, плюшчанае зерне змяншае патрэбнасць у дарагіх кармавых дадатках, а гэта эканомія, не трэба траціцца і на высушванне.

Яе называюць другім хлебам і сапраўдным беларускім брэндам. Бульба - галоўны інгрэдыент нашай кухні і абавязковы атрыбут усіх рэстаранных і хатніх меню. Падлічана: беларусы спажываюць бульбы на душу насельніцтва больш чым у любой іншай краіне, а па яе вытворчасці мы восьмыя ў свеце. Бульбу беларускіх сартоў вырошчваюць не толькі ў многіх постсавецкіх дзяржавах, але яшчэ і ў Кітаі, а ў Швецыі нават пабудавалі крухмальны завод спецыяльна пад беларускую бульбу. Сартам "максімум" і "здабытак" не знайшлося роўных. У гаспадарцы "Кухчыцы" лідар па ўраджайнасці - "брыз", таму і попыт на яго высокі.

Зрэшты, пераканацца ў смакавых якасцях гэтых сартоў Прэзідэнт зможа асабіста. Аграрыі прэзентавалі два кошыкі. Дарэчы, дзякуючы "брызу" ў "Кухчыцах" ураджайнасць бульбы больш чым на 100 цэнтнераў вышэйшая за сярэднюю па краіне. Праўда, хуткасцям уборкі перашкодзілі дажджы, але аграрыі робяць стаўку на бабіна лета. Падчас сонечных дзён хутка сабраць ураджай - задача нумар 1. У краіне палова ўраджаю ўжо ў засеках.

Гавораць: кошт гадавога ўраджаю бульбы ў свеце нават перавышае кошт штогадовай здабычы золата. Але дастаць з-пад зямлі прыбытак – палова справы. Важна яго не страціць. Каб клубні заставаліся вось у такім выглядзе, патрэбная абарона ад усіх знешніх фактараў, пэўная тэмпература. У гэтым сховішчы каля 5 градусаў. Толькі так можна захаваць таварны выгляд.

Рэканструяваць і пабудаваць па ўсёй краіне такія бульбасховішчы было прынцыповым патрабаваннем Прэзідэнта. Бо захоўваць у буртах - значыць закопваць прыбытак і страчваць 30-40% ураджаю. Зараз галоўнае - не страціць ураджай у палях.

Нездарма беларусаў называюць нацыяй хлебаробаў. Людзі, якія жывуць на гэтай зямлі, да таго, што дае прырода, ставяцца з павагай. Але і разумеюць, што дае яна роўна столькі, колькі заслужыў гаспадар. Той, хто восенню клапоціцца аб захаванасці новага ўраджаю і ўжо думае аб будучым, зімой рыхтуе тэхніку, у красавіку зноў за працай у полі, і так да новай уборачнай кампаніі. Кожны год, каб кожны заўсёды быў і з першым, і з другім хлебам.