Новыя падыходы да гарантавання інфармацыйнай бяспекі Беларусі абмяркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта

31 января 2019

Новыя падыходы да гарантавання інфармацыйнай бяспекі Беларусі абмяркоўвалі сёння на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы. У Палацы Незалежнасці сабраліся прадстаўнікі розных сфер: Адміністрацыя Прэзідэнта, кіраўнікі СМІ, эксперты.

У сучасным свеце інфармацыйная бяспека любой дзяржавы выходзіць на першы план. Таму яе эфектыўнае забеспячэнне - пытанне нумар адзін. І як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, сёння асабліва важна ўмець супрацьстаяць тым інфармацыйным атакам, якія арганізоўваюцца на Беларусь, і адстойваць свае прынцыпы.

У такіх умовах важна кансалідаваць спецыялістаў з навуковай і аналітычнай сферы, каб своечасова выяўляць інфармацыйныя патокі і ацэньваць рызыкі. Сёння прынята рашэнне аб стварэнні новай структуры ў сферы інфармацыйнай бяспекі.

Алег Макараў, начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі, доктар юрыдычных навук: "Прынята рашэнне аб стварэнні навуковай арганізацыі, якая б займалася пытаннямі палітаналізу, інфапатокаў, рыхтавала б важны стратэгічны аналіз у краіне і за мяжой".

Размова сёння ішла таксама пра абарону рэкламнага рынку. Даходы ад гэтай дзейнасці павінны заставацца ў краіне. Яшчэ адной тэмай нарады стала пытанне так званых медыявымяральнікаў, г.з. метадаў падлікаў і ацэнкі рэйтынгаў сродкаў масавай інфармацыі. Размова ідзе аб стварэнні арганізацыі, якой, на думку Прэзідэнта, павінны давяраць і беларусы, і самі СМІ.

Як адзначыла прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант, Кіраўніку дзяржавы прапанаваныя розныя варыянты арганізацыі сістэмы медыявымярэнняў: ад прыцягнення замежнай, міжнародна прызнанай даследчай кампаніі да арганізацыі ўласнага дзяржаўнага вымяральніка. Выслухаўшы ўсе аргументы, Кіраўнік дзяржавы акрэсліў галоўны крытэрый - сістэма павінна працаваць у інтарэсах краіны і даручыў пасля дадатковага абмеркавання ў аператыўныя тэрміны ўнесці канкрэтную прапанову. Плануецца, што дакумент будзе вынесены на разгляд ужо ў найбліжэйшыя дні.