Пачаўся рабочы візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Казахстан

19 марта 2015

Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Астану. І сёння прайшла двухбаковая сустрэча Прэзідэнта Беларусі з яго казахстанскім калегам Нурсултанам Назарбаевым. Гэты год для абедзвюх краін знакавы ў палітычным жыцці. Прэзідэнты абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковых узаемадзеянняў, у тым ліку і ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Казахстан для Беларусі - важны эканамічны партнёр сярод краін СНД. Стратэгічныя адносіны дзвюх краін падмацоўваюцца сумеснымі праектамі і рэгулярнымі сустрэчамі на найвышэйшым узроўні. Чакаецца, што падчас візіту Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел і ў трохбаковай сустрэчы лідараў Беларусі, Казахстана і Расіі. Усе падрабязнасці з усходняй сталіцы Еўразійскага эканамічнага саюза ў Вольгі Макей.

Нягледзячы на вясновае сонца, у Астане трымаецца мінус: усё ж адна з самых халодных сталіц свету. Але беларускую дэлегацыю тут сустракаюць, як заўсёды, цёпла. Амаль 4 гадзіны палёту - і борт нумар адзін з Мінска прызямляецца ў галоўным аэрапорце Казахстана.

Для афіцыйнай Астаны, як і для Мінска, гэты год палітычна няпросты: на 26 красавіка тут прызначаныя прэзідэнцкія выбары. На галоўную пасаду ў Казахстане прэтэндуюць 20 чалавек. Зараз ідзе працэдура рэгістрацыі, яна падоўжыцца да 25 сакавіка. Зрэшты, і Нурсултан Назарбаеў, і Аляксандр Лукашэнка - аксакалы сярод палітыкаў СНД. Фігуры, якія кансалідуюць у няпросты эканамічны і геапалітычны час. У рэгіёне гэта добра разумеюць.

За мінулы год лідары Беларусі і Казахстана сустракаліся 5 разоў. І часцей падчас самітаў і пасяджэнняў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Тады абмяркоўвалі ў асноўным пытанні будаўніцтва новага інтэграцыйнага стварэння. ЕАЭС працуе ўжо два з паловай месяцы. Зараз на падмурку саюза значна эфектыўней развіваюцца і двухбаковыя эканамічныя адносіны.

Казахстан для Беларусі - на трэцім месцы сярод эканамічных партнёраў у СНД. За мінулы год краіны нагандлявалі на мільярд дзвесце семдзесят мільёнаў долараў. Тэмпы трохі запаволіліся, канстатуюць прэзідэнты, гэта звязана ў першую чаргу з абвалам расійскага рубля і сітуацыяй на знешніх рынках. Тым не менш Еўразійскі эканамічны саюз працуе. У гэтым немалая заслуга Беларусі, адзначыў Нурсултан Назарбаеў.

Еўразійскі эканамічны саюз - гэта рынак на сто восемдзесят мільёнаў чалавек. І зручная пляцоўка для сумесных прадпрыемстваў. У Казахстане ўжо працуюць 13 зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі: выпускаюць ліфты, камбайны, трактары і нават кар'ерныя самазвалы. 7 агульных праектаў уключаныя ў дзяржпраграмы краіны. А мясцовыя спецыялісты праходзяць перападрыхтоўку па беларускіх тэхналогіях.

Манен Амараў, рэктар Міжнароднай прафесійнай акадэміі "Туран-профі": "Нас вельмі цікавяць спецыялісты ў галіне машынабудавання, горназдабыўной прамысловасці, энергетыкі, аўтамабілебудавання. Тыя ж кірункі прамысловасці, што і ў вас. І вядома, на асаблівым месцы развіццё аграпрамысловага комплексу. У нас, на жаль, няма такога аграпрамысловага комплексу, як у Беларусі. І нашы фермеры хацелі б пераняць ваш вопыт у сельскай гаспадарцы".

Мадэрнізацыя АПК - адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. У краіне прынятая праграма развіцця агракомплексу да 2020 года. І вопыт беларускіх спецыялістаў тут будзе дарэчы. Бо 80% тэрыторыі Казахстана - ворныя землі. На поўдні краіны ўжо поўным ходам ідуць пасяўныя работы. А 8 з 10 трактароў - пад брэндам "Беларус". Такія можна сустрэць нават на астанінскіх вуліцах, яны дапамагаюць дарожнікам.

У Казахстанскім агратэхнічным універсітэце рэалізавалі сумесны праект. Будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі тут праходзяць навучанне менавіта на беларускай тэхніцы. Ёсць і дзве лабараторыі па механізаванні жывёлагадоўлі і падрыхтоўцы кармоў. Як кіраваць камбайнам, парамантаваць трактар і карыстацца даільным апаратам - усё гэта даступна студэнтам фактычна на месцы.

Стварэнне сумеснага індустрыяльнага парка - гэта новыя рабочыя месцы і магчымасць экспартаваць прадукцыю за мяжу. Зрэшты, беларускія вытворцы знайшлі свайго пакупніка ў Казахстане. У гарадах краіны дзясяткі магазінаў з таблічкамі "Беларускія прадукты", "Беларускі лён", "Беларускія дзверы", "Беларуская мэбля". А вось як працуюць эканомікі краін у новым Еўразійскім эканамічным саюзе, якія ўзнікаюць цяжкасці і якія існуюць перспектывы? Плануецца, што ўжо заўтра гэтую тэму абмяркуюць лідары Беларусі, Расіі і Казахстана.