Сёння пачаўся першы афіцыйны візіт Кіраўніка дзяржавы ў Ісламскую Рэспубліку Пакістан

28 мая 2015

У аэрапорце Ісламабада борт нумар адзін прызямліўся пасля поўдня, дзе беларускага лідара сустрэлі, як і належыць, рота ганаровай варты і кіраўніцтва краіны. Сардэчны прыём падкрэсліў: тут нашага Прэзідэнта асабліва чакалі. Графік двухдзённага візіту вельмі насычаны. Сёння ж прайшлі перамовы з прэзідэнтам Пакістана. Адзначым, што яшчэ да прыбыцця беларускага лідара ў Ісламабадзе падрыхтавалі даволі сур'ёзны падмурак для актывізацыі адносін дзвюх краін. Усе гэтыя дні тут працавала беларуская дэлегацыя - гэта міністэрскі корпус, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і прадстаўнікі гандлю. Арыентыр на прадуктыўнае партнёрства замацаваны лічбамі: бакі склалі кантракты на пяцьдзясят мільёнаў долараў. Ключавыя сферы - сельская гаспадарка і лёгкая прамысловасць. Важным крокам стала і падпісанне адразу двух дагавораў - аб кааперацыі гандлёвых палат дзвюх краін і аб стварэнні дзелавога савета.

У Ісламабадзе працуе і наша здымачная група. Вынікі сённяшняга дня - у Сяргея Гусачэнкі.

Імран Ахмет медыцынскую адукацыю атрымаў у Мінску. Пасля з'ехаў працаваць у Швейцарыю, а некалькі гадоў таму вярнуўся на радзіму. Ён працуе кардыёлагам і марыць тут адкрыць сваю клініку. А Беларусь заве маленькай, але класнай краінай.

Гаворыць, што сябрам раіць ехаць вучыцца менавіта ў Беларусь. Магчымасцяў для гэтага будзе больш, абяцае Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Старшыня Акадэміі навук дае інтэрв'ю, ледзь вярнуўшыся з перамоў. Пакістанскаму боку прапанавана 40 праектаў. Зусім хутка для іх канкрэтызацыі ў Ісламабад прыбудзе група беларускіх навукоўцаў. Наша краіна дапаможа падрыхтаваць і будучых дактароў навук - Мінск прыме групу выпускнікоў пакістанскіх ВНУ.

У напружаным графіку з пачатку тыдня працуе ўся беларуская дэлегацыя. З самай раніцы ў розных частках не толькі Ісламабада, але і ўсяго Пакістана праходзяць перамовы. Да візіту Кіраўніка дзяржавы падрыхтаваная самавітая эканамічная база: паўтара дзясятка пагадненняў, іх сума набліжаецца да лічбы цяперашняга тавараабароту - $60 млн.

Нагрэтай гарачым сонцам пакістанскай зямлі борт беларускага лідара дакранаецца ў другой палове дня. Ззаду пяць гадзін шляху і больш за 4 000 кіламетраў. Візіт афіцыйны і гістарычны: у Пакістан Аляксандр Лукашэнка прыбыў упершыню. Прэзідэнта сустракаюць дзясяткі тэлекамер і нават перасоўная тэлевізійная станцыя. Партрэты ва ўвесь рост і расцяжкі на будынках: Аляксандра Лукашэнку ў Ісламабадзе вельмі чакалі, гэта чытаецца і ў антуражы, і ў прывітанні прэм'ера ля трапа.

Прэм'ер-міністр Пакістана сустракае Прэзідэнта на базе ВПС "Нур Хан". Яна размяшчаецца на тэрыторыі міжнароднага аэрапорта "Беназір Бхута". У яго назве - рэха неспакойнай гісторыі: аб'ект названы імем экс-прэм'ера краіны, якая 8 гадоў таму загінула ад рук тэрарыстаў. Але сёння ў Пакістане нашмат спакайней. Ісламабад актыўна будуецца і развівае інфраструктуру. Упэўніцца ў гэтым можна па дарозе ў сталіцу: картэжу трэба праехаць каля 20 кіламетраў.

Сталіца Пакістана, або горад чыноўнікаў, як яго завуць тут, размяшчаецца ля падножжа Гімалаяў. Цікаўна, што па колькасці гэта толькі дзясяты горад рэспублікі - тут пражывае крыху больш за мільён чалавек. У самым буйным - Карачы - у 13 разоў больш. З моманту незалежнасці менавіта там і размяшчалася сталіца, Ісламабад жа галоўным горадам рэспублікі стаў некалькі пазней. Левабаковы рух і стабільныя плюс 40 улетку для беларусаў некалькі нязвыклыя. Адцягваючыся на барацьбу з тэрарызмам і кліматычнымі сюрпрызамі, Пакістан паслядоўна развівае аграрны сектар і прамысловасць.

З афіцыйнай рэзідэнцыі пакістанскага прэзідэнта маляўнічы від на высокія горы. Менавіта тут Мамнун Хусейн сустракае ўсіх замежных гасцей. Час у Ісламабадзе апярэджвае мінскі на дзве гадзіны. І Аляксандр Лукашэнка прыбывае на сустрэчу з калегам, калі ў Ісламабадзе ўжо палова на восьмую.

Прэзідэнты не сустракаліся раней, але абмеркаваць неабходна многае. І першым чынам эканоміку. У лістападзе ў Ісламабадзе адкрылася беларускае дыппрадстаўніцтва: тавараабарот пакуль невялікі, але перспектыва вялізная, і дыялог на вышэйшым узроўні здольны надаць ёй дадатковы імпульс.

Пасля кароткай гутаркі тэт-а-тэт да прэзідэнтаў далучаюцца дэлегацыі. Гутарка зноў заходзіць пра эканоміку і перспектывы.

Пакістан - важная пляцоўка для азіяцкага вектару Беларусі. Побач таксама перспектыўныя рынкі Кітая, Афганістана, Ірана і Індыі. Насельніцтва рэспублікі, па сутнасці, як усяго Еўразійскага саюза, - амаль 190 млн чалавек. Інвестары сюды ідуць усё актыўней: паводле прагнозаў Сусветнага банка, ужо праз некалькі дзясяткаў гадоў эканоміка Пакістана па пакупніцкай здольнасці ўвойдзе ў топ-15 найбуйнейшых у свеце.

У 60-я гады ў Пакістане адбылася так званая зялёная рэвалюцыя. Праз укараненне больш прадуктыўных гатункаў збожжавых сельская гаспадарка паступова выйшла на новы ўзровень. Сёння аграрны сектар - аснова эканомікі і фарміруе пятую частку ВУП, у галіне занятая амаль палова насельніцтва. І беларускія трактары ў гутарцы - тэма нумар адзін.

У Пакістане сустракаюцца і вось такія амаль рарытэтныя ўзоры беларускай тэхнікі. Усяго з савецкіх часоў на палях "Беларусаў" больш за 100 000. Сімвалічна, што менавіта сёння ў Карачы з канвеера сышоў першы трактар МТЗ, сабраны ў Пакістане.

Яшчэ адна зборачная вытворчасць з'явіцца ў Лахоры - за 60 км на паўночны ўсход ад Ісламабада. Тут ужо "Амкадор" мае намер выпускаць спецыяльную тэхніку. Магутнасці дазваляюць да 15 000 адзінак за год. Зрэшты, на першым этапе аб'ёмы будуць меншыя, але ў канцы года Аляксандр Шакуцін абяцае выпусціць нават свой трактар.

Пакістанская тэхніка здзіўляе сваім каларытам. Як толькі ў вадзіцеля з'яўляюцца вольныя грошы, ён пускае іх на размалёўку кузава. Роспіс грузавіка каштуе 3 000 - 4 000 долараў, але такое афармленне аўтапарка ў Пакістане стала традыцыяй. Роспісам машын займаюцца тысячы майстроў, вось толькі ў большасці машын далёка не малады ўзрост, і пытанне абнаўлення актуальней з кожным годам.

Зношанаму парку дапаможа МАЗ. Завод таксама падпісаў дагавор аб стварэнні зборачнай вытворчасці ў Карачы. З канвеера будзе схадзіць менавіта грузавая аўтатэхніка. Перспектыва - да паўтысячы адзінак за год. У чэрвені вызначацца са спецыфікацыяй, а ўжо ўвосень пачнуцца першыя пастаўкі камплектаў. У планах і зборка аўтобусаў.

У індустрыяльным сектары азіяцкай рэспублікі сярод ключавых тэкстыльная галіна. Пакістан - адзін з сусветных лідараў па вырабе бавоўны, у краіне звыш 300 буйных фабрык. У сямейным бізнесе працаваў і прэзідэнт Пакістана. Для Беллёгпрама - сапраўдная скарбніца. Пералічваючы дамоўленасці, у канцэрне асцярожна падкрэсліваюць: такой колькасці пагадненняў нават не чакалі.

Традыцыі рэспублікі моцныя і ў гарбарнай галіне. Перапрацоўкай займаюцца сотні гадоў - тэхналогіі прывезлі англічане яшчэ ў пазамінулым стагоддзі. Без Пакістана не абыходзіцца ні адзін футбольны чэмпіянат свету: менавіта тут вырабляюць афіцыйныя футбольныя мячы, штогод на рынак іх пастаўляюць сорак мільёнаў. Беларусы мясцовую сыравіну будуць выкарыстоўваць для вырабу абутку.

ВУП Пакістана расце дзесяць гадоў запар. Не распешчаная вуглевадародамі краіна змушаная ўкладваць у тэхналогіі, новыя вытворчасці і засваенне карысных выкапняў. Разведку і здабычу дапамогуць арганізаваць нашы геолагі - рамачны дагавор падпісаны. Сёння беларусам таксама прапаноўваюць пабудаваць завод па выпуску ўгнаенняў і перапрацоўцы гародніны.

Іфтыхар Бабар, сакратар агенцтва па інвестыцыях пры кабінеце прэм'ер-міністра Пакістана: "Беларусь для нас - новы і перспектыўны кірунак для развіцця гандлёвых і інвестыцыйных адносін. Зборка беларускіх трактароў - толькі адна са сфер. Мы займаем пятае месца ў свеце па пастаўцы садавіны і гародніны, але ў нас не хапае практыкі экспертызы, кантролю і замарозкі. Таму мы запрашаем Беларусь пабудаваць некалькі заводаў па перапрацоўцы".

Напярэдадні ў Ісламабадзе створаны і дзелавы савет, які дапаможа бізнесу дзвюх краін. У пятніцу афіцыйны візіт беларускага лідара ў Пакістан працягнецца. У праграме - сустрэча з прэм'ер-міністрам краіны. На разглядзе бакоў знаходзяцца дзясяткі міжурадавых пагадненняў, большую частку з іх плануецца падпісаць заўтра. У тым ліку ў інфармацыйнай і гуманітарнай сферах, бо сумесныя праекты дзвюх краін актыўней развіваюцца толькі тады, калі народы добра ведаюць і разумеюць адзін аднаго.