У Палацы Незалежнасці абмяркавалі інфармацыйную бяспеку Беларусі

3 февраля 2019

У сучасным свеце для дзяржавы на першы план выходзіць ужо бяспека інфармацыйная. Праўда, без інфармацыйнага супрацьборства і ціску сёння, бадай, не абыходзіцца ніводны канфлікт на планеце. Такі час! Калі ідзе барацьба за розумы і душы людзей. І тут важна своечасова і эфектыўна адбіць любыя падобныя правакацыі. Паставіць заслон фэйкам, ілжывым звесткам і шматлікім скажэнням рэчаіснасці.

Новыя падыходы да гарантавання інфармацыйнай бяспекі Беларусі абмяркоўвалі на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы. Для гэтага ў Палацы Незалежнасці сабраліся прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнікі медыя і эксперты.

Прэзідэнт падтрымаў прапанову аб стварэнні структуры, якая аб'яднае спецыялістаў навуковай і аналітычнай сферы, экспертаў. Галоўная задача - своечасова выяўляць інфармацыйныя ўкіды, пагрозы і ацэньваць рызыкі. Ёсць запыт на якасную аналітыку і своечасовы заслон ад дэструктыву.

На нарадзе таксама абмеркавалі пытанні абароны рэкламнага рынку краіны і стварэння новай сістэмы медыявылічэнняў. Дзякуючы такой інфармацыі (а гэта рэйтынгі і долі тэлеглядзення) мы фарміруем сетку вяшчання праграм, можам бачыць, якія праекты больш за ўсё падабаюцца гледачам. Ведаць узрост нашай аўдыторыі, яе інтарэсы. А рэкламадавец у сваю чаргу разумее, якая аддача ад укладзеных сродкаў. Таму вельмі важна, каб гэты аналітычны матэрыял быў дакладным і аб'ектыўным. Арганізацыі, якая будзе ацэньваць рэйтынгі СМІ, павінны давяраць і гледачы, і самі медыя. Кіраўнік дзяржавы пазначыў галоўны крытэрый - сістэма павінна працаваць у інтарэсах краіны.