На тыдні - 26 красавіка - Прэзідэнт ізноў у Гомельскай вобласці

28 апреля 2013

У пятніцу мы ўспаміналі чарнобыльскую трагедыю. І хоць аварыя адбылася ва Украіне, наступствы закранулі не толькі суседзяў.  Радыяактыўнае воблака абышло паўсвету. І ўсё ж вялікая частка заражаных ападкаў прыпала на нас - на тэрыторыю Беларусі. Тое, што было далей, ведаюць усе: эвакуацыя сотняў населеных пунктаў, ліквідатары, якіх успаміналі на гэтым тыдні. А яшчэ планы, якія ў 90-я лічылі не проста амбіцыйнымі - неверагоднымі. Вярнуць да жыцця рэгіёны, якія закранула аварыя. І вось пакуль вакол гаварылі гэта немагчыма, у Беларусі год за годам укладвалі не толькі ў жыццезабеспячэнне гомельскіх раёнаў, але і ў сацыяльную інфраструктуру. Тады для такога рашэння спатрэбіліся не столькі навуковыя разлікі, колькі жалезная воля ініцыятара гэтага адраджэння. Аляксандр Лукашэнка не проста раздаваў даручэнні, ён прыязджаў асабіста і прывозіў з сабою чыноўнікаў, каб тыя бачылі, дзе і для чаго яны ставяць свае подпісы. І вось 26 красавіка Прэзідэнт ізноў у Гомельскай вобласці. У Хойніках, адказваючы на пытанне - а ці варта  столькі сіл і сродкаў укладваць у гэтыя месцы, Прэзідэнт парыраваў: А як яшчэ было паказаць людзям, што будзем тут жыць. Толькі гутаркамі чалавека не накорміш.


І вось сёння на гэтыя раёны ўжо не глядзяць як на недасканалыя. У пятніцу тут ставілі задачы, як і для ўсіх. Напрыклад, мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі. Тым больш што па некаторых паказчыках мясцовыя вытворцы могуць нават даць фору.


 Зрэшты, пра ўсё па парадку Сяргей Хамянтоўскі.


Хойнікі. Горад, некалі пацярпелы ад Чарнобылю, зусім не выглядае злавеснай ілюстрацыяй на тэму. 27 гадоў таму тут жыццё не скончылася. Варта толькі зайсці ў мясцовы аддзел запісаў актаў грамадзянскага стану. ЗАГС у Хойніках - як барометр жыцця.


Працаваць гэтымі днямі ў пацярпелых раёнах - гэтай традыцыі Кіраўнік дзяржавы не здраджвае ўжо на працягу 19 гадоў. Кожны год, пачынаючы з 1995-га, Аляксандр Лукашэнка прыязджае сюды, каб асабіста пагутарыць з простымі жыхарамі і праінспектаваць, як выконваюцца даручэнні, дадзеныя ў мінулыя паездкі. Адразу пасля прылёту Аляксандр Лукашэнка цікавіцца не ў мясцовых уладаў, а ў дэпутата - чым жыве раён.


Першы пункт прыпынку - поле гаспадаркі Судкова. Кіраўнік дзяржавы глядзіць сяўбу, адначасова цікавячыся пасяўной у краіне. Розніцы ў асаблівасцях кампаніі няма, праблема адна - вільготнасць глеб. А гэта намёк на аднаўленне пацярпелых земляў. Выканаўшы неабходны комплекс мер - і на выхадзе экалагічна чысты прадукт.


Аграрыяў Кіраўнік дзяржавы просіць сеяць хутчэй. Тэрміны і так ссунула зацяжная зіма. Ярыну ў краіне трэба адсеяць да Вялікадня. Паўночным рэгіёнам Прэзідэнт накінуў дадатковы тыдзень.  Сёлета ў абарот павінны ўвесці ў два разы больш асушаных земляў, чым у мінулым. Больш запатрабуецца і ўгнаенняў. Дык вось іх Прэзідэнт забараніў закупляць за валюту.


Малочна-таварны комплекс Стрэлічава - аб'ект сучасны. Задача ўзвядзення падобных комплексаў у кожнай гаспадарцы краіны таксама ідзе з адставаннем.


На гэтых землях можна атрымліваць чыстую і прыбытковую прадукцыю, пераконвалі Прэзідэнта на прадпрыемстве Малочныя прадукты. Аграрная навука навучылася звязваць радыянукліды, і яны не трапляюць у прадукты. У Хойніцкім раёне ўжо 2 гады ў малаку не знаходзяць цэзій. Малочныя прадукты гэта адно з падраздзяленняў класічнага мяса-малочнага холдынга. Сучасная вытворчасць, запатрабаваная рынкам прадукцыя. У Хойніках заходзіць гутарка аб стварэнні падобных структур у кожнай вобласці і аб'яднанні іх у нацыянальную мяса-малочную кампанію.


Моцная вытворчая база дае магчымасць развіваць сацыяльную сферу раёна. Людзі не з'язджаюць іх гэтых месцаў, застаюцца, заводзяць сем'і.


У Хойніцкім раёне апошнія 2 гады адзначаюць рост нараджальнасці, і гэты паказчык тут вышэйшы, чым у цэлым па краіне.


Уся моц дзяржпадтрымкі зараз будзе накіраваная на ўстойлівае развіццё пацярпелых тэрыторый. Дзяржава дапаможа ствараць тут вытворчасці. Галоўнае - арыентацыя на мясцовую сыравіну. Дапамогай у развіцці стане новая чыгунка ад Мазыра да Глушкавічаў.


Хто цяпер скажа, што гэта самы пацярпелы ад Чарнобылю раён, у якім бяда не абышла ніводны населены пункт? У летнім амфітэатры без малога паўтары тысячы чалавек. Твары маладыя, у вачах няма безнадзейнасці, людзі ўпэўненыя ў заўтрашнім дні. А таму і пытанняў Прэзідэнту было мала.


Вядома, праблемы, якія хвалююць хайнічанаў, ёсць. Яны, праўда, уласцівыя любому беларускаму рэгіёну. Пыталі пра газіфікацыю. Прасілі ўключыць Хойнікі ў дзяржпраграму па паводках.  Гаварылі і пра замацаванне  маладых спецыялістаў, вылучэнне ім жылля.  Прэзідэнт паабяцаў да гэтай тэмы вярнуцца ў найбліжэйшы час.


Улада працягне актыўнае развіццё пацярпелых тэрыторый. Зрэшты, паездка ў Хойнікі наштурхнула на выснову: там, дзе жывуць і працуюць людзі, чарнобыльская праблематыка патроху адыходзіць.