Шматлікія віншаванні з Днём Незалежнасці прыйшлі на адрас Прэзідэнта Беларусі

4 июля 2018

Шматлікія віншаванні з Днём Незалежнасці прыйшлі на адрас Прэзідэнта нашай краіны і працягваюць паступаць ад сяброў і партнёраў.

Віншаванне Аляксандру Лукашэнку накіраваў і лідар Кыргызстана. Сааранбай Жээнбекаў адзначыў, што за гады незалежнасці Беларусь дасягнула значных вынікаў ва ўсіх сферах дзяржаўнага будаўніцтва.

"Глыбока перакананы, што наша канструктыўнае ўзаемадзеянне будзе і далей спрыяць пашырэнню ўсяго спектра кыргызска-беларускага супрацоўніцтва як у двухбаковых, так і шматбаковых фарматах", - гаворыцца ў тэлеграме.

Шчырыя віншаванні Кіраўніку дзяржавы адрасаваў Прэзідэнт В'етнама Чан Дай Куанг. Ён пажадаў краіне росквіту і шчасця ўсяму беларускаму народу.

"В'етнам заўсёды сочыць за дасягненнямі беларускага народа. Працяг эканамічнага росту і разгортванне шматбаковай знешняй палітыкі ўнеслі ўклад у павышэнне пазіцыі Беларусі ў свеце, развіццё і будаўніцтва краіны".

Сардэчныя віншаванні Аляксандру Лукашэнку і ўсім жыхарам Беларусі накіраваў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

"Стаўшы сімвалам пераемнасці пакаленняў і захавання нацыянальнай гістарычнай памяці, гэтая ўрачыстасць аб'ядноўвае мільёны грамадзян Беларусі, якія ўнеслі свой уклад у стварэнне мірнага і шчаслівага жыцця Айчыны".

Папа Рымскі Францыск пажадаў кіраўніцтву Беларусі і ўсяму народу краіны боскіх благаславенняў.

У сваёй тэлеграме задавальненне дасягнутым узроўнем адносін з нашай краінай, якія развіваюцца на аснове ўзаемнай павагі і агульных інтарэсаў, выказаў Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.

А Прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян адзначыў, што заснаванае на сувязях сяброўства і супрацоўніцтва ўзаемадзеянне дазволіць забяспечыць развіццё двухбаковага супрацоўніцтва паміж краінамі на больш высокім узроўні.

Ад імя ўрада ЗША віншаванні з нагоды Дня Незалежнасці беларускаму народу перадаў і Дзяржсакратар Майкл Пампеа. Ён пацвердзіў прыхільнасць Злучаных Штатаў падтрымцы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.