Мінск і Душанбэ дамовіліся вывесці адносіны на ўзровень стратэгічнага партнёрства

15 мая 2018

Гэта стане добрай асновай для развіцця супрацоўніцтва ва ўсіх кірунках: ад эканомікі да культуры.

Гэта адзін з важных палітычных вынікаў перамоў лідараў Беларусі і Таджыкістана. Нагадаем, наш Прэзідэнт знаходзіцца з афіцыйным візітам у сярэднеазіяцкай рэспубліцы. У Душанбэ Аляксандра Лукашэнку прымалі згодна з усімі канонамі афіцыйных цырымоній. Сустрэчы прайшлі ў Палацы Нацыі. Традыцыйна перад кіраўнікамі дзяржаў выстраілася рота ганаровай варты, аркестр выканаў гімны дзвюх краін. Цікавая асаблівасць: гэтым разам цырымонію сустрэчы можна ўбачыць і з вышыні птушынага палёту.

Сімвалічна, што ў Палацы Нацыі, а гэта найбуйнейшая ўрадавая рэзідэнцыя ў Таджыкістане, частка мэблі менавіта беларускай вытворчасці. Дарэчы, будынак не раз трапляў у дзясятку самых прыгожых рэзідэнцый свету. У гэтых інтэр'ерах палітыкі правялі перамовы сам-насам і ў пашыраным складзе. Пасля чаго быў падпісаны пакет з паўтара дзясятка дакументаў. Гэта пагадненні ў сферах навукі, судовай экспертызы, прамысловасці, медыцыны, адукацыі. Вызначыліся і з дарожнай картай да 2020 года. Тое, што супрацоўніцтва ў эканоміцы - прыярытэт, лідары пацвердзілі ў сумеснай заяве. Вынікі перамоў прэзідэнты распавялі прэсе. Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь гатовая да актыўнай працы з Таджыкістанам ва ўсіх кірунках

Некалькі дакументаў сёння ў Душанбэ падпісалі і на бізнес-форуме, які не абмежаваўся ўдзельнікамі толькі дзвюх дзяржаў. Цікавасць выказалі прадстаўнікі дзелавых колаў Афганістана, Пакістана, Узбекістана і Казахстана. Кантракты на пастаўку камплектуючых, тэхнікі і пашырэнне вытворчасці сёння падпісалі МТЗ, Бабруйскаграмаш, Гомсельмаш і іншыя прадпрыемствы. Дакументы ў сферы паставак прадукцыі са сваімі таджыкскімі партнёрамі падпісалі і беларускія фармацэўтычныя кампаніі. У цэлым па выніках дзелавых сустрэч у Душанбэ ёсць магчымасць дадаць не меней за 10 мільёнаў долараў у выглядзе падпісаных кантрактаў і дамоўленасцяў, але лічба можа павялічыцца ў наступныя дні. Беларусь актыўна прапаноўвае партнёрам кааперацыю ў сферах АПК і прамысловасці.

І менш як праз гадзіну ў Душанбэ адкрыецца нацыянальная выстава Беларусі, якая стане найбуйнейшай замежнай экспазіцыяй нашай краіны за апошнія гады. Падрабязнасці - у наступных выпусках навін.