У Казані стартуюць "Ігры будучыні" - Аляксандр Лукашэнка сярод ганаровых гасцей форуму

21 февраля 2024

Беларусь і Расія павінны ствараць сваё шчасце самі. Актывізацыю двухбаковага партнёрства наш Прэзідэнт абмеркаваў з кіраўніком Рэспублікі Татарстан. Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка па запрашэнні свайго калегі Уладзіміра Пуціна сёння наведвае Казань з рабочым візітам. Адразу пасля прылёту кіраўнік дзяржавы накіраваўся ў Казанскі крэмль.

Там Аляксандр Лукашэнка і Рустам Мініханаў  правялі двухбаковую сустрэчу. Падчас перамоў кіраўнік рэспублікі ўручыў беларускаму лідару ордэн "Дуслык" (ордэн Дружбы). Гэта другая па значнасці дзяржаўная ўзнагарода Татарстана. Ёй узнагароджваюць за асаблівыя заслугі ва ўмацаванні міжнароднага аўтарытэту рэспублікі, дружбы і супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што разам мы здольныя дасягнуць многага. Наш Прэзідэнт лічыць, што Татарстан - самы развіты, высокатэхналагічны рэгіён Расіі з сур'ёзным узроўнем прамысловасці. У той жа час канкурэнцыя ўзрастае. Заходнія кампаніі пайшлі, на іх месца прыходзяць кітайскія і іншыя вытворцы. Нягледзячы на гэта, Татарстан дэманструе ўпэўнены эканамічны рост.

Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей. Татарстан можа разлічваць на падтрымку Беларусі, падкрэсліў наш Прэзідэнт.

Сёння Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел  у цырымоніі адкрыцця міжнароднага высокатэхналагічнага турніру "Гульні будучыні".  Спаборніцтвы абяцаюць быць  адной з самых грандыёзных спартыўных падзей, якія праводзяцца ў Расіі сёлета. А Казань стане першай у гісторыі гаспадыняй  новай "лічбавай" Алімпіяды. Беларусы таксама выступяць у некалькіх дысцыплінах. Усяго ў турніры прымуць удзел звыш 270 каманд з 107 краін. З нагоды маштабнай мультыспартыўнай падзеі прыбудзе шэраг замежных лідараў. Чакаюць прэзідэнтаў Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны. Турнір прадоўжыцца да 3 сакавіка.