Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні Пуціну ў сувязі з авіякатастрофай, якая адбылася ў Расіі

25 декабря 2016

Беларусь сёння смуткуе разам з Расіяй. Аб гэтым гаворыцца ў спачуванні, якое Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка накіраваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну.

 "Пачуццё смутку і спачування ахапіла сёння нашу краіну - паведамленне аб крушэнні самалёта Ту-154, які рухаўся з Сочы ў Сірыю, не пакінула абыякавым ніводнага беларуса. Гэта трагедыя - наш агульны боль, і Беларусь сёння смуткуе разам з Расіяй. У гэту цяжкую хвіліну мы побач, цалкам падзяляем гэта страшнае гора", - гаворыцца ў спачуванні. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што вялікую страту панесла і сусветная культура - сярод загінуўшых члены калектыву ўслаўленага Акадэмічнага ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.В.Аляксандрава, у тым ліку і яго мастацкі кіраўнік Валерый Халілаў. "Гэта незаменная страта для расійскага, нашага агульнага, усяго сусветнага мастацтва", - падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў глыбокія спачуванні ўсяму расійскаму народу, родным і блізкім загінуўшых.

Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, 26 снежня над будынкамі рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі і іншых дзяржустаноў па ўсёй краіне будуць прыспушчаныя дзяржаўныя флагі ў знак салідарнасці і смутку ў сувязі з авіякатастрофай, якая  адбылася ў Расіі. Абмежаваныя таксама правядзенне і трансляцыя забаўных мерапрыемстваў і праграм. Тэле- і радыёканалам рэкамендавана ўлічыць гэтыя акалічнасці пры фарміраванні эфіру. Як паведамлялася, у Расіі 26 снежня абвешчаны днём агульнанацыянальнай жалобы па загінуўшых у авіякатастрофе самалёта Ту-154.