Лепшых з лепшых сёння ў Мінску сабраў Рэспубліканскі баль выпускнікоў

30 июня 2018

Гэта маштабная і знамянальная падзея ў іх жыцці. На ўрачыстую цырымонію запрасілі выдатнікаў вучобы, пераможцаў міжнародных алімпіяд і конкурсаў, лаўрэатаў спецыяльных фондаў. Усяго больш за 220 чалавек. Гэта ўжо дыпламаваныя журналісты, эколагі, праграмісты, філолагі, гісторыкі. Але ўсіх іх аб'ядноўвае мэтанакіраванасць. І як падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад выпускнікамі вышэйшых навучальных устаноў, "чалавек, які жыве без мэты, нічога не дасягне - ні поспехаў у кар'еры, ні матэрыяльнага становішча". Прыйшоў час рашэнняў і дзеянняў. Усвядомленых, самастойных, адказных. Кіраўнік дзяржавы таксама падзякаваў за працу выкладчыкам, якія сталі суаўтарамі поспеху сваіх студэнтаў.

Аб вялікай падзеі ў жыцці выпускнікоў, аб будучых мэтах новых спецыялістаў - рэпартаж Ілоны Красуцкай. Вечарам праспект Пераможцаў апанавалі картэжы аўто прадстаўніцкага класа. На першы погляд магло здацца, напэўна, сёння нейкі саміт, усё ж побач Палац Незалежнасці. Але ўсе гэтыя ўшанаванні як ВІП-гасцям зусім не палітыкам, а лепшым выпускнікам краіны. Яны ўдзельнікі рэспубліканскага балю.

Дзясяткі лімузінаў накіроўваліся да выставачнага комплексу, які ў народзе называюць "рамонкам". Адсвяткаваць новы этап у жыцці запрасілі амаль 300 чалавек. Гэта лепшыя дыпламаваныя спецыялісты і, вядома, тыя, хто на працягу шматлікіх гадоў дапамагаў ім набыць гэты статус - выкладчыкі. Перад здымачнай групай нашага канала паўстала няпростая задача. Бо распавесці пра ўсё не хопіць эфірнага часу. І ўсё ж спачатку некалькі гісторый.

У тым, што вучыцца ніколі не позна, упэўнена Карына Цялюшчанка. Выпускніца Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта без перабольшання - гонар ВНУ. Каб прадоўжыць дынастыю, Карына сумясціла адразу дзве спецыяльнасці: таты-інжынера і мамы-эканаміста. Паралельна практыкавалася ў адной з буйных будаўнічых кампаній Брэста. Яшчэ паўгода таму стыпендыятка прэзідэнцкага фонду была на галоўным навагоднім балі. Зараз чарговае запрашэнне. Адбор быў сур'ёзным. Ад ВНУ прайшлі ўсяго 4 дыпламаваныя спецыялісты.

Па класіцы жанру Марына Брэль у дзяцінстве марыла стаць урачом. Потым псіхолагам і толькі ў 11-м класе канчаткова зразумела, што хоча атрымаць сур'ёзную фінансавую прафесію. Зараз яна дыпламаваны інжынер-эканаміст. Прычым у дыпломе стаіць запіс "з адзнакай".

З першага курсу актыўнае грамадскае жыццё. Конкурсы, фінансавыя алімпіяды, а потым паездкі на канферэнцыі. Сёння ў дзяўчыны ўжо 14 навуковых публікацый. За поспехі Марыну ўзнагародзілі галоўнай прэміяй рэгіёна. Урэшце ўсе поспехі падагульніў конкурсны адбор студэнтаў для ўдзелу ў галоўным у краіне балі выпускнікоў - прэзідэнцкім.

Яшчэ ўчора яны атрымлівалі свае чырвоныя дыпломы, а сёння - на чырвонай дарожцы галоўнага выпускнога балю краіны. У мінулым 5-6 гадоў без права на памылку, каб па выніках у атэстаце было толькі "выдатна".

Асобы рознабаковыя. Займаюцца навуковай дзейнасцю. І ў той жа час пішуць музыку, вершы, іграюць на фартэпіяна і ведаюць некалькі моў. Словам, людзі вялікіх мэт.

5 гадоў яны ішлі кожны да сваёй мэты. Хтосьці старанна працаваў, каб стаць інжынерам, хтосьці ажыццявіў мару - зараз будучы медык або выкладчык. І, магчыма, яго вучні гадоў праз пяць таксама будуць прысутнічаць на гэтым знакавым мерапрыемстве. Бо па традыцыі штогод маладым людзям дае наказ Кіраўнік дзяржавы.

Гэта размова з Прэзідэнтам аб правільным выбары, адказнасці, рашэннях дарослага жыцця, якія абавязваюць пралічваць усе магчымыя наступствы. А дасягненні амбіцыйных мэт і кар'ернага ўзлёту гэтых маладых людзей Кіраўнік дзяржавы, безумоўна, чакае на роднай зямлі.

А пасля Аляксандр Лукашэнка ўручыў падзякі лепшым выпускнікам. Сярод ўзнагароджаных і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу. Гэта тыя людзі, дзякуючы намаганням якіх айчынная школа развіваецца і выпускае па-сапраўднаму высакакласных спецыялістаў.

У сваю чаргу ўжо маладыя спецыялісты падарылі Кіраўніку дзяржавы кветкі ад імя ўсіх удзельнікаў балю. І паабяцалі абавязкова апраўдаць надзеі.

Выпускны вечар - гэта яшчэ і традыцыйна парад убораў. Гэты вечар яны чакалі і доўга да яго рыхтаваліся. Але, вядома, галоўнае - гэта незабыўныя эмоцыі. Менавіта іх выпускнікі запомняць на ўсё жыццё. Бо выпускны баль - свята свабоды. Ніхто больш не скажа, што трэба зубрыць хімічныя формулы. Ужо ў мінулым хваляванне, залікоўкі, канспекты, выпускныя іспыты. Але сапраўдны сэнс слова "адказнасць" учарашнім студэнтам яшчэ трэба будзе да канца ўсвядоміць, калі зробяць свае першыя крокі ў новым прафесійным жыцці.