Крыміналу ў Беларусі становіцца менш. Прэзідэнт прыняў з дакладам міністра ўнутраных спраў

15 марта 2020
Дзевяць месяцаў таму Беларусь даведалася імя новага міністра ўнутраных спраў - Юрыя Караева. Тады ж пры прызначэнні Прэзідэнт даў даручэнні: свежым поглядам прааналізаваць усю сістэму. Ліквідаваць рудыменты палачна-птушкавай сістэмы, калі ў пагоне за паказчыкамі страчвалася справядлівасць. Плюс барацьба з наркагандлярамі, карупцыяй, але і залішняй жорсткасцю пры рэйдах, праверках і затрыманнях.  Дзевяць месяцаў прайшло. І вынікі аналізу і працы МУС ужо бачныя. На сустрэчы адзначылі, што крыміналу ў Беларусі становіцца менш. Гэта датычыцца, напрыклад, цяжкіх злачынстваў і рэцыдываў. Пры гэтым хоць і нязначна, але павялічылася колькасць злачынстваў у стане алкагольнага ап'янення і ў моладзевым асяроддзі, дзе гэта звязана з наркаманіяй. 


Палачна-птушкавую сістэму змяняюць на бальную

Лічбы зараз не падстава пазбаўляць прэмій, а аснова для аналізу. Новае нараджэнне атрымала і прафілактыка. Колькасць участковых, асабліва ў рэгіёнах, павялічаць. Ім павышаюць і зарплаты, і паляпшаюць умовы для працы. Хоць нараканні ў адрас міліцыі працягваюць гучаць у грамадстве. Згадзіцеся, мы і самі як грамадзяне любім пабурчаць на міліцыю. Пры гэтым разумеем,  наколькі яе служба важная для грамадства. Вось і Прэзідэнт на нарадзе двойчы адзначыў, што без міліцыі  нікуды. Першы раз гэта датычылася стабільнасці, другі - каранавіруса. Без спакойнай, цвёрдай і пастаяннай працы МУС гэта зло не перамагчы. 

Застаецца пажадаць поспехаў нашай міліцыі і асабіста міністру. Тым больш што чуткі, што ён пацярпеў ад каранавіруса, аказаліся моцна перабольшанымі. Так, сын вярнуўся з вучобы з Кітая. Так, на адной з нарад быў удзельнік з падазрэннем. Але імгненныя тэсты і два тыдні самадысцыпліны развеялі здагадкі: і міністр, і яго сын, і падначаленыя  здаровыя. Важную заяву Юрый Караеў зрабіў у эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму тэлеканалу. 1800 чалавек, асуджаных па наркатычным артыкуле, можа закрануць амністыя. Зараз прапрацоўваецца механізм памілавання для тых, хто спатыкнуўся ўпершыню. 

МУС таксама рыхтуе цэлы шэраг заканадаўчых інавацый. Пакет змяненняў закране Адміністрацыйны кодэкс. Галоўная задача - адысці ад папяровай цяганіны, спрасціць сам працэс прыцягнення да адказнасці, прасцей кажучы, адысці ад бюракратыі.

Напрыклад, прапрацоўваюцца дзейсныя меры ўздзеяння на сістэмных парушальнікаў правіл дарожнага руху. Такіх, паводле звестак праваахоўнага ведамства, у краіне каля 8 тысяч.