У Маладзечне стартаваў Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

8 июня 2018

У Маладзечне некалькі хвілін таму пачаўся 18-ы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі.

Гэта адзіны музычна-паэтычны форум у нашай краіне са статусам дзяржаўнай важнасці. Усе творы выконваюцца на беларускай мове. Прывітанне ўдзельнікам і гасцям фестывалю накіраваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які пажадаў дасягнення новых творчых вяршынь і незабыўных прыемных уражанняў. У гэтыя хвіліны ў Летнім амфітэатры праходзіць урачыстая цырымонія адкрыцця.

На прамую сувязь выходзіць наш карэспандэнт Ніна Мажэйка (прамое ўключэнне).

Зараз вы бачыце, што ўжо пачалася цырымонія адкрыцця музычна-песеннага форуму. Традыцыйна яе ладзяць тут, у Летнім амфітэатры. І нягледзячы нават на не летнюю прахалоду, зала перапоўненая. Але ж каб з камфортам правесці гэты вечар, гледачы запасліся цёплымі шалямі і пледамі. Не выключэннем стала і наша здымачная група. Сёлетні фестываль адзначае паўналецце. Так, форуму ўжо 18. Але ж ён не спяшаецца пакінуць роднае гняздо. Зусім наадварот.

18-ы музычна-паэтычны форум прысвяцілі Году малой радзімы. Хаця, канешне, на такіх фестывалях, як у Маладзечне са сваім утульным каларытам, гэта заўсёды тэматыка роднай зямлі. Нават конкурс маладых выканаўцаў будаваўся менавіта на песнях айчынных аўтараў, вядома, на беларускай мове. У конкурснай праграме прагучалі і песні народнага артыста кампазітара Эдуарда Зарыцкага. Але без самога аўтара, яго крэсла ў журы пакінулі пустым. Узрост удзельнікаў конкурсу традыцыйна ад 16 да 31. Напярэдадні ў Палацы культуры адбыўся фінальны 3 тур. Выканаўцы спявалі выключна ўжывую ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Ці будзе прысуджаны Гран-пры імя Уладзіміра Мулявіна ў гэтым годзе, даведаемся хутка.

Сам Маладзечна сёння нагадвае маштабны open-air з няспыннымі выступленнямі артыстаў, выставамі, кірмашамі і паэтычнымі гасцёўнямі. Людзі выйшлі на вуліцы. Тым больш што пятніца асабліва спрыяе праменаду. Мы пацікавіліся, чаго чакаюць і што больш за ўсё любяць госці фестывалю.

Мінскі абласны драматычны тэатр "пачаставаў" публіку творам "Вечар". Лірычная меладрама драматурга Аляксея Дударава добра ўпісалася ў сёлетнюю фестывальную канцэпцыю. Бо ўзнімае пытанне, як прынята казаць, неперспектыўных паміраючых вёсак.

"Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…". Пагадзіцеся, знаёмыя ўсім радкі. Купала напісаў іх 100 гадоў таму. Жыццё бессмяротнага твора працягнуў, вядома, кампазітар Ігар Лучанок, які святкуе 80-годдзе. Яго мелодыі лёсу -  "Спадчын"», "Мой родны кут" і іншыя - выканаюць са сцэны Летняга амфітэатра. Трэба адзначыць, што канцэпцыя фестывалю ў Маладзечне супадае з тэмай "Славянскага базару ў Віцебску".

Таму можна лічыць, што сёлета такая добра падрыхтаваная рэпетыцыя ў іншых памерах, зразумела, але са сваім пасылам.

Фестывальны марафон прадоўжыцца ў выхадныя. Усе мерапрыемствы ў рэжыме нон-стоп пакажа тэлеканал "Беларусь 3" у спецыяльных выпусках праграмы "Навіны культуры". А 10 чэрвеня ў 22:25 у эфіры " Беларусь 3" вялікі канцэрт закрыцця фестывалю.