Вынікі сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы і віцэ-прэзідэнта Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця

17 марта 2016

Новая стратэгія на найбліжэйшыя 4 гады і наступны этап - фінансаванне праектаў у дзяржсектары. Такі вынік сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы і віцэ-прэзідэнта Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. У Палацы Незалежнасці абмяркоўвалі крокі па актывізацыі супрацоўніцтва. Беларусь адкрытая для любога фундатара, падтрымае цікавыя праекты. У прыватнасці, краіна прапаноўвае інвесціраваць у мадэрнізацыю прадпрыемстваў, што дазволіць выпускаць запатрабаваную прадукцыю. Усяго ж за гісторыю адносін Беларусі і банка - а гэта ўжо больш за 20 гадоў - рэалізаваныя дзясяткі знакавых праектаў - ад вытворчасці напояў да рухомага саставу. І за гэты час нязменным засталася адна прынцыповая ўмова - сумленнае і адказнае партнёрства. Гэтага прынцыпу заўсёды прытрымліваецца Беларусь.

Аб чым яшчэ дамовіліся сёння - падрабязнасці ў Ілоны Красуцкай.

Заспець бізнес-тандэм гэтага вядомага брэнда па вытворчасці бялізны і трыкатажу і адначасова шлюбную пару на працы разам вельмі складана. Жывуць на некалькі краін. 100 магазінаў у Беларусі, Расіі, Украіне, Казахстане і Літве. 6 уласных фабрык. Больш за 2000 супрацоўнікаў. Але за камерцыйным поспехам крыюцца не толькі асабістыя дасягненні. Яшчэ і падтрымка дзяржавы і інвестыцыі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Для сеткі магазінаў гэтая фінансавая арганізацыя дала пазыку і распрацавала маркетынгавую стратэгію.

Праз год пасля старту супрацоўніцтва продажы ўзляцелі на 30%. Група кампаній пры садзейнічанні банка ажыццявіла не адзін дзясятак праектаў. Прасоўванне брэнда, распрацоўка дызайну магазінаў і шматлікае іншае. Сёння - гэта адно з наймацнейшых прадпрыемстваў краіны, з выдатнай лагістыкай.

Напрыклад, на адну з фабрык у Заслаўі з Мінска супрацоўнікі ўсяго за паўгадзіны дабіраюцца на гэтых хуткасных электрацягніках.

Суперсучасныя, іх збіраюць у Фаніпалі, усё часцей становяцца на рэйкі розных краін.

Адна з мадэляў FLIRT - сусветны бэстсэлер. 16 калясяць па Беларускай чыгунцы ў фармаце гарадскіх і рэгіянальных ліній. І вось наступны этап - два 7-вагонныя цягнікі Intercity звяжуць Мінск і Гомель. "Штадлер-Мінск" таксама ў ліку праектаў, удзел у фінансаванні якіх прымаў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

Гэтая фінансавая арганізацыя - найбуйнейшы фундатар у рэгіёне. Чвэрць стагоддзя падтрымлівае трансфармацыю эканомік у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. І не толькі. У ліку асноўных акцыянераў - ЕС, ЗША і Японія. Банк спрыяе развіццю прыватнага сектара і, апроч давання ўласных сродкаў, прыцягвае значныя аб'ёмы прамых замежных інвестыцый.

Да гэтай фінансавай арганізацыі Беларусь далучылася ў 1992-м. Разам - больш як 20 гадоў партнёрства. 70 знакавых праектаў: ад вытворчасці напояў да пасажырскага транспарту. За час супрацоўніцтва ў развіццё важных кірункаў інвесціравана каля двух мільярдаў еўра.

Зрэшты, дэлегацыі савета дырэктараў банка ў Беларусі госці частыя. Летась адбыўся і першы ў гісторыі візіт яго кіраўніка - Сумы Чакрабарці. У 2013-м зацвердзілі новую стратэгію для Беларусі. Засяродзіліся выключна на фінансаванні прыватнага сектара. Тады падчас асабістай сустрэчы Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў сысці ад рамак і зняць усякія абмежаванні ў супрацоўніцтве з Беларуссю.

Сёння чарговая сустрэча на вышэйшым узроўні. Аляксандр Лукашэнка прымае новаспечанага віцэ-прэзідэнта па пытаннях палітыкі і партнёрства Алана Пію. Падчас гутаркі Кіраўнік дзяржавы заяўляе аб гатоўнасці інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва. Пры гэтым "не" цяганіне і доўгім перамовам. Грошы варта ўкладваць у тыя праекты, якія прынясуць узаемную выгаду. Прыярытэт - мадэрнізацыі вытворчасцяў. Прэзідэнт Беларусі агучвае яшчэ адну ўмову. У свеце Беларусь ведаюць як сумленнага і надзейнага партнёра, які выконвае ўсе абавязацельствы. Гэтыя ж патрабаванні наша краіна прад'яўляе любому фундатару, які гатовы працаваць у Беларусі.

З моманту заснавання банка фінансіст Алан Пію займаў розныя кіруючыя пасады. Ужо як месяц у новым статусе: каардынуе краінавыя стратэгіі. Папярэдняя (для Беларусі) завершаная. Абноўленую на найбліжэйшыя 4 гады банк плануе апублікаваць ужо ў красавіку.

Візіты дэлегацый банка радуюць не толькі бізнес, але і журналістаў. І хай грошы любяць цішыню, гучных загалоўкаў дастаткова. Літаральна два тыдні таму ў Беларусі стартавала новая праграма "Жанчыны ў бізнесе". На яе фінансаванне толькі на працягу гэтага года накіруюць 10 мільёнаў еўра. Праект рэалізуецца ў 16 краінах свету і абяцае фінансаванне, кансультацыі і цэлую сістэму трэнінгаў, якія палепшаць прадпрымальніцкія навыкі лэдзі.

Што ж, відавочна, і на гэты год у банка амбіцыйныя планы ў Беларусі. Але ў ліку прапаноў не толькі фінансавыя ін'екцыі. Для беларускіх брэндаў банк гатовы стаць бізнес-кансультантам. Будзь то новы сайт, распрацоўка дадатка для смартфона або зусім новая структура кіравання. Больш як сотня беларускіх кампаній ужо скарысталіся прапановай.

Два дні візіту. Прадуктыўныя сустрэчы ў міністэрствах эканомікі і замежных спраў. Ключавыя перамовы аб новай стратэгіі ўзаемаадносін Беларусі з банкам да 2019 года. Адзін са знакавых вынікаў - на фінансавую падтрымку надалей могуць разлічваць не толькі прыватныя, але і дзяржаўныя кампаніі.