Глабальнае саюзнае будаўніцтва і пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Сустрэча Прэзідэнта з Рыгорам Рапотам

10 июля 2019
Глабальнае саюзнае будаўніцтва і канкрэтныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Аб гэтым ішла размова напярэдадні на сустрэчы Прэзідэнта з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

Для прасоўвання на інтэграцыйным трэку створана міжурадавая рабочая група, якую курыруюць міністры эканомікі Беларусі і Расіі. Шукаюць развязкі па адчувальных для краін пытаннях, каб выйсці на праграму дзеянняў па напаўненні дагавора аб саюзным будаўніцтве. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што пакуль ідзе незразумелае тармажэнне з расійскага боку. Нягледзячы на некалькі раўндаў перамоў, па многіх тэмах не выходзяць на канчатковыя рашэнні. А ўсе акцэнты ў Саюзнай дзяржаве сёння зрушыліся наверх, і  чарговы раз многія пытанні плануецца вывесці на ўзровень прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, сустрэча якіх павінна прайсці на наступным тыдні. 

Акрамя неабходнасці ліквідацыі перашкод і бар'ераў у гандлі сярод бягучых праблемных пытанняў беларуска-расійскага парадку таксама адсутнасць роўнага доступу да сістэмы дзяржзакупак, цяжкасці прамысловай кааперацыі, наступствы падатковага манеўру для Беларусі. Рыгор Рапота расказаў, што Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы гатовы абмяркоўваць пытанні інтэграцыі разам з рабочай групай. Пытанне ўдзелу прадстаўнікоў Пасткама ў яе дзейнасці Аляксандр Лукашэнка як Старшыня Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы даручыў распрацаваць знешнепалітычнаму ведамству.