Кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ

3 февраля 2017

Адкрыта і шчыра на ўсе тэмы: Кіраўнік дзяржавы праводзіць сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці і сродкаў масавай інфармацыі - беларускіх і замежных.

У Вялікай размове з Прэзідэнтам, якая доўжылася 7 гадзін 20 хвілін, удзел прынялі паўсотні журналістаў і 100 экспертаў. 

Былі закранутыя ўсе пытанні, якія хвалююць грамадства, - ад знешнепалітычных да эканамічных і сацыяльных. Адно з асноўных - рост зарплат і пенсій у Беларусі: як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, яны могуць быць павышаныя толькі за кошт эфектыўнай працы эканомікі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што атрымліваць больш будзем тады, калі вырабім больш і якасней, а пасля прададзім па больш высокай цане. Мы не будзем пазычаць і за кошт гэтага павышаць выплаты. Беларускі лідар адзначыў, што сёння ў першую чаргу трэба клапаціцца аб вытворчасці: рост зарплаты не павінен перавышаць рост прадукцыйнасці працы. У той жа час сярэднюю зарплату на 500 долараў да канца года Прэзідэнт лічыць справядлівай у дачыненні да людзей, якія працуюць.

Падчас гутаркі была закранутая і тэма, якая сёння абмяркоўваецца ў грамадстве і стала паднімаецца ў СМІ, - гэта сацыяльнае ўтрыманства і адпаведны дэкрэт. Летась падатак на сацыяльнае ўтрыманства папоўніў казну толькі на 12,5 мільёна рублёў. Таму, як адзначыў Прэзідэнт, прымалі дакумент выключна з пазіцыі забеспячэння справядлівасці ў грамадстве.

Яшчэ адна тэма - увядзенне Расіяй пагранічнай зоны на межах з Беларуссю. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэта з'яўляецца чыста палітычным выбрыкам. У свой час наша краіна неаднаразова прымала рашэнне не закрываць мяжу з Расіяй, нягледзячы на розныя знешнія фактары. Прэзідэнт падкрэсліў: бязвізавы ўезд у Беларусь ніяк не адаб'ецца на нацыянальнай бяспецы Расіі. Мытны і пагранічны кантроль замежнікаў мы адмяняць не будзем.

Падчас сённяшняй Вялікай размовы з Прэзідэнтам не абышлі ўвагай і нафтагазавую тэму. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў пакуль адсутнасць прагрэсу ў перамовах з Расіяй аб пастаўках у Беларусь нафты і газу. Чарговыя перамовы аб гэтых пытаннях прызначаныя на заўтра ў Маскве.

Больш падрабязна ў 21:00.