Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі летась

3 марта 2018

Задзейнічаць у эканамічнай сферы ўвесь патэнцыял краіны. Такую задачу напярэдадні паставіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка і рэгіянальных улад.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі летась. Як адзначыў прэм'ер Андрэй Кабякоў, захоўваецца стабільнасць на валютным і фінансавым рынках. Аднак з 13-ці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця не выконваюцца два: па тэмпах росту рэальных даходаў насельніцтва і аб'ёме будаўніча-мантажных работ. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў аб няўхільным выкананні яго даручэння - сярэдняй зарплаце па краіне ў тысячу рублёў. На працягу года гэты паказчык трэба перасягнуць - за кошт павелічэння зарплаты бюджэтнікам.

Размова ішла і наконт забеспячэння занятасці. Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад за недастатковыя намаганні па стварэнні высокапрадукцыйных рабочых месцаў. У цэлым жа сярод ключавых задач на гэты год абазначаны рост ВУП на 3,5 %, прырост экспарту тавараў і паслуг на 2 мільярды долараў. Запланавана прыцягненне 23-х мільярдаў рублёў інвестыцый. Як падкрэсліў Прэзідэнт, раз'яднанасці ў выкананні пастаўленых задач быць не павінна.