Кіраўнік дзяржавы ўчора прыняў з дакладам прэм'ер-міністра краіны

23 января 2015

Прэзідэнт арыентуе ўрад на захаванне дасягнутай летась перавагі ў росце прадукцыйнасці працы над зарплатай. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў учора, калі прымаў з дакладам прэм'ер-міністра краіны. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на неабходнасць адыходу ад кабінетнага стылю працы і канцэнтрацыі на матэрыяльнай вытворчасці і нарошчванні экспарту. Падчас сустрэчы Прэзідэнт таксама закрануў тэму размеркавання арэнднага жылля і пытанне продажу легкавых аўтамабіляў "Джылі".

Прэм'ер-міністр далажыў пра папярэднія вынікі працы эканомікі летась. Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў Беларусі выкананы прагноз па сальда знешнеэканамічнай дзейнасці. Ёсць вызначаны рост і прамысловай вытворчасці. Кіраўнік урада таксама звярнуў увагу і на тое, што адчувальны эфект далі тыя галіны, у якіх была праведзеная мадэрнізацыя. У прыватнасці, дрэваапрацоўка, цэлюлозна-папяровая галіна і хімічная прамысловасць.