Кіраўнік дзяржавы наведаў Керамін і ацаніў фірмовы гандаль

12 ноября 2013

Сёння, каб ацаніць фірмовы гандаль Кераміна, Кіраўнік дзяржавы адправіўся ў выставачны цэнтр прадпрыемства. Пакупнікі ўжо завуць гандлёвы цэнтр музеем. І, як выказаўся Прэзідэнт, падобныя аб'екты - лепшая рэклама для прадпрыемства на шляху павышэння аб'ёму продажаў. Дарэчы, якасць прадукцыі Кіраўнік дзяржавы ацаніў высока. Вонкавы выгляд тавараў нічым не саступае глянцу гандлёвых залаў.

Аляксандр Лукашэнка не толькі ўважліва агледзеў інтэр'ерныя экспазіцыі Кераміна, але і пагутарыў з персаналам і пакупнікамі. Як заўсёды ў такіх выпадках, абмяркоўваліся самыя надзённыя тэмы: пытанні ўладкавання на працу, парадку на прадпрыемствах, а таксама штучнага ажыятажу сярод беларусаў вакол валюты.


Усе падрабязнасці - у Сяргея Гусачэнкі.


Ірына з мужам нядаўна пабудавала кватэру. Для ўтульнасці не хапае рамонту ў ванным пакоі. Керамін і коштам, і якасцю прымальны, дызайнам таксама сям'і спадабаўся. З новых калекцый выбіралі дбайна. Добра, што і асартымент, і антураж магазіна схіляе да душэўнага шопінгу.


У мэтах пашырэння гандлёвых плошчаў Цэнтр керамічнай пліткі і санітарнай керамікі, флагман па вытворчасці будматэрыялаў, адкрыўся роўна тры гады таму. Гандлёвы аб'ект Кераміна ўражвае маштабамі і вялікай колькасцю персаналу. Кансультанты, таваразнаўцы, дызайнеры гатовыя дапамагчы пакупніку фактычна ў кожнай секцыі.


На тэрыторыі тысячы трохсот квадратных метраў знайшлося месца не толькі поўнай экспазіцыі новых калекцый, але і выключна інтэр'ерным рэчам - яны, вядома, не прадаюцца. Разбураныя калоны, насценны і наскальны жывапіс, арыгінальны фасад - афармленне салона аддалі ў рукі вядомай дызайн-студыі, якая ўвасобіла ў жыццё элементы старажытнагрэчаскага стылю. Пакупнікі ўжо завуць салон музеем, і, напэўна, параўнанне варта лічыць кампліментам. Гэта зусім не пыл у вочы, усміхаюцца супрацоўнікі цэнтра. Дзякуючы ўкараненню новых тэхналогій прадукцыя Кераміна як вонкава, так і якасцю не саступае глянцу гандлёвых залаў.


Бойкі гандаль тут кіпіць кожны дзень. 40 000 наведвальнікаў за месяц і больш за 8 000 пакупак. Гэта значыць, з чэкам сыходзіць кожны пяты. Калі раней за месяц магазін прадаваў прадукцыі на 300 млн., дык сёлета паказчык узрос да 11 млрд. рублёў. Вызначыцца кліенту дапамагае кваліфікаваны персанал, які працуе з задавальненнем. Так упэўнівае дызайнер Марына. Яна ў магазіне з моманту адкрыцця.


Дарэчы, дызайн-праект кліентам тут распрацоўваюць бясплатна. Як і дапамагаюць разлічыць неабходную колькасць прадукцыі. А навочныя матэрыялы - гэта вяликае партфоліа інтэр'ераў - амаль тысяча здымкаў.


Яшчэ адна Марына, гэтым разам прадавец-кансультант, працуе ў самым прыемным для кліента аддзеле, дзе прадаюцца тавары са скідкай. Такая прадукцыя ў салоне ёсць заўсёды, і, скажам, калекцыі мінулых сезонаў тут можна купіць нашмат танней за першапачатковы прайс.


Ацаніць фірмовы гандаль Кераміна прыбыў і Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка не раз падкрэсліваў: вырабіць мала, галоўнае эфектыўна прадаць. Змяніўшы цэхі вытворчыя на залы гандлёвыя, Прэзідэнт уважліва аглядае новую прадукцыю, гутарыць з персаналам і наведвальнікамі. У салоне кліентам прапануюцца гатовыя ідэі для афармлення інтэр'еру. Аляксандр Лукашэнка цікавіцца, ці дапамагае гэта вызначыцца з купляй.


Для больш эфектыўнай працы з вялікім патокам пакупнікоў у салоне ўкаранілі сістэму электроннай чаргі. Кліенту не трэба шукаць персанал па ўсёй тэрыторыі: дастаткова проста націснуць некалькі кнопак.


Прэзідэнту не толькі распавядаюць пра правільны менеджмент, але і паказваюць апошнія распрацоўкі ў сферы дызайну. Аляксандр Лукашэнка цікавіцца асартыментам салона. У цэнтры паказваецца ўсё, што выпускаецца Керамінам. І ўсё, што пастаўляецца за мяжу.


У кнізе водгукаў падзякі з'яўляюцца амаль кожны дзень.


Ветлівы персанал, выдатны сэрвіс, адчуваеш сябе жаданым кліентам - гэта толькі з апошняй старонкі. Убачаным Прэзідэнт застаўся задаволены, якасць прадукцыі заслужыла высокую ацэнку беларускага лідара. На развітанне Кіраўніку дзяржавы - памятны падарунак ад калектыву: арыгінальная карціна, зразумела, з керамічных матэрыялаў.


На думку Кіраўніка дзяржавы, падобныя аб'екты для прадпрыемства з'яўляюцца лепшай рэкламай. Тое, да чаго варта імкнуцца для павышэння аб'ёму продажаў. На гэты момант праз уласную тавараправодную сетку Керамін рэалізуе больш за 75% прадукцыі.


Толькі ў Мінску ў прадпрыемства 10 фірмовых магазінаў, усяго ж па рэспубліцы - больш за 20. Неўзабаве ў сталіцы з'явіцца яшчэ адзін. Чым будуць здзіўляць там, супрацоўнікі пакуль не расказваюць. Хай маленькая таямніца будзе яшчэ адным прыемным сюрпрызам для пакупнікоў. І чарговым прыкладам для іншых вытворцаў беларускіх тавараў.