Кіраўнік дзяржавы наведаў горад збройнікаў - Барысаў

24 июня 2014
Два гады спатрэбяцца барысаўскім збройнікам, каб стварыць беларускі зенітна-ракетны комплекс сярэдняй далёкасці. Гэта не аналаг, а дадатак да сучасных дывізіёнаў С-300 і перспектыўны экспартны прадукт. Акрамя таго, ВПК Беларусі гатовы замясціць украінскія кантракты на мільёны долараў для Расіі і Казахстана сваімі распрацоўкамі і прыняць у сябе спецыялістаў паўднёвай суседкі, калі яны акажуцца незапатрабаванымі на радзіме. Такія першыя вынікі наведвання Кіраўніком дзяржавы горада збройнікаў - Барысава.


Пад прыцэлам увагі аказаліся вытворцы высокадакладных ЗРК і бранятэхнікі. Менавіта гэтае ўзбраенне сёння вырашае зыход усіх войнаў і канфліктаў у свеце і менавіта яно гарантуе недатыкальнасць дзяржаўных межаў на зямлі і ў паветры.

Вынікі прэзідэнцкай інспекцыі заводаў абароннага комплексу - у рэпартажы Андрэя Крывашэева.

Сённяшнюю гутарку не толькі пра глыбокую мадэрнізацыю беларускага ваенна-прамысловага комплексу, а пра новы этап развіцця ўсёй абароннай прамысловасці Прэзідэнт пачаў яшчэ 2 красавіка ў Баранавічах. Менавіта тады на авіярамонтным заводзе быў аб'яўлены комплексны этап развіцця ВПК.


Тры кіты гэтай вяхі ў стылі мілітары: мадэрнізацыя дзеючых сістэм і ўзбраенняў, поўнае пераабсталяванне беларускай арміі і самая інтрыга - стварэнне айчынных узораў узбраення. У Баранавічах і Оршы - самалёты і верталёты (у кааперацыі з расійскімі і ўкраінскімі канструктарамі). У Барысаве - новыя зенітна-ракетныя комплексы сярэдняй далёкасці і бранятэхніка.


Высокадакладная зброя, якая ахоўвае неба, - гэта сусветны брэнд нашых збройнікаў яшчэ з саюзных часоў. Тады палова армій свету на планеце гарантавала недатыкальнасць межаў зенітна-ракетнымі комплексамі, начынне і рамонт якіх выраблялі ў Беларусі. Сёння тыя ж паўсвету - наш каласальны рынак аднаўлення і мадэрнізацыі нацыянальных СПА.


Рамонт і мадэрнізацыя - добра, але мала. Да ранейшай стратэгіі не здаваць пазіцыі Кіраўнік дзяржавы і Галоўнакамандуючы дадае вытворчасць новых узораў. Для ЗРК стандарт - расійскі комплекс С-300. Тэрміны мінімальныя.


Большасць навінак, паказаных Прэзідэнту, - двайная таямніца: дзяржаўная і камерцыйная. Раскрываць баявыя характарыстыкі і тым больш прынцып працы строга забаронена. Гэта будучыня бяспекі краіны і змест экспартных кантрактаў. Таму пад прыцэлам тэлекамер кіраўнік абароннага камітэта Сяргей Гурулёў стрымана і напаўголасу дакладвае амаль сенсацыю: максімум праз два гады ў Беларусі будзе свой ЗРК сярэдняй далёкасці.


Яшчэ адзін ключавы момант рынку - імпарт, але не тэхнікі, а навуковых школ і тэхналогій. У сувязі з сітуацыяй ва Украіне спыняецца шматгадовая кааперацыя Масквы і Кіева ў авіябудаванні і ракетным сегменце. Беларусь гатова падставіць плячо. Г. зн. выканаць расійскі абаронны заказ, асвоіўшы новую прадукцыю. А калі неабходна, то і прыняць украінскіх спецыялістаў аж да канструктарскіх бюро ў поўным складзе. Такія спецыялісты ў свеце на вагу золата, а дадатковы экспартны пакет для расійскай абаронкі - гэта тысячы пазіцый.


З неба на зямлю - у стыхію мабільных браніраваных машын. Вытворца - 140-ы рамонтны завод. Гэта наступны пункт паездкі Прэзідэнта ў горадзе збройнікаў. Месца гістарычнае. З пасляваеннага 1948 года тут праводзяць капітальны рамонт і мадэрнізуюць баявыя машыны. Паралельна асвоілі грамадзянскія ўсюдыходы, аварыйна-выратавальную і спецыяльную тэхніку.


Вяртаюць да жыцця і такія рарытэты. Гэта 152-мм артылерыйская ўстаноўка на базе танка ІС 1944 года. Дзякуючы барысаўскім збройнікам яна зноў на хаду і ўпрыгожыць парад 3-га ліпеня.


Тут жа мадэрнізуюць класіку - БТР, БМП, танкі Т-72. Правераную часам браню забяспечваюць самым сучасным начыннем і ўзбраеннем беларускай вытворчасці. Жыццё машын гэта падаўжае амаль удвая.


На выставачнай пляцоўцы і навінкі: сістэмы кіравання Агат і спецтэхніка МЗКЦ. Не толькі ваенная. Вось прыклад грамадзянскага прагрэсу - снегабалатаходы.
Але больш за іншых Аляксандра Лукашэнку цікавіць вось гэты прататып - бронеаўтамабіль Ліс. Машына ўніверсальная для разведкі, дэсанта і кіравання. У аснове расійскі аналаг, але беларуская камплектацыя ўжо 85 працэнтаў. У наступным годзе вытворцы абяцаюць паказаць серыйныя ўзоры да Дня Незалежнасці.

Менавіта гэты кірунак ВПК Кіраўнік дзяржавы лічыць найбольш перспектыўным.
А тут апошнія распрацоўкі камплектуючых: рухавікі, оптыка і сродкі сувязі. Аляксандр Лукашэнка не ўтойвае: убачаным задаволены. Два дзесяцігоддзі ўкладанняў у ВПК сябе і акупілі, і апраўдалі.


На памяць аб візіце калектывы збройнікаў дораць Прэзідэнту сімвалічныя сувеніры - легендарныя Т-72 і С-300. Праўда, у паменшаным маштабе.