Кіраўнік дзяржавы адказаў на самыя рэзанансныя тэмы і пытанні, што хвалююць грамадства

11 мая 2019

Гатоўнасць Беларусі прымаць самыя маштабныя спартыўныя баталіі. Гучная крымінальная справа супраць Андрэя Уцюрына. І ўрон ад пастаўкі атрутнай нафты ў Беларусь і механізмы яго кампенсацыі. Прэзідэнт развеяў здагадкі вакол нібыта наяўнай сувязі  паміж нафтавым здарэннем і падатковым манеўрам. Паводле ацэнак экспертаў, крызіс з пастаўкамі сурагату каштаваў Беларусі  некалькі сотняў мільёнаў долараў прамога і ўскоснага ўрону. Да таго ж у сховішчах беларускіх НПЗ знаходзіцца каля мільёна тон небяспечнай сыравіны. Прынцыповая ацэнка Прэзідэнта - у адказе на пытанне нашых калег. 

Як хутка атрымаецца ачысціць беларускую нафтаперапрацоўку ад атрутных дамешкаў, як працуюць сёння два найбуйнейшыя заводы - Мазырскі і Наваполацкі. Аператыўны каментарый ад кіраўніка Белнафтахіма Андрэя Рыбакова.

Андрэй Рыбакоў, старшыня канцэрна "Белнафтахім": "Наваполацкі НПЗ дагэтуль не забяспечаны ў поўным аб'ёме якаснай нафтай, ён працуе на зніжанай загрузцы. Калі гаварыць пра Мазырскі НПЗ, то на яго сапраўды паступіла адпаведная Дасту нафта. Чакаем, што поўная ачыстка завода ад забруджанай нафты па ўсіх тэхналагічных пераходах будзе завершана да 12 мая. Сёння Мазырскі НПЗ працуе на сваёй штатнай магутнасці. 

Што тычыцца наяўнасці на тэрыторыі Беларусі забруджанай нафты, то аб'ём яе застаецца істотным - каля 1 мільёна тон. Нам удалося на першым этапе выцесніць толькі адну ветку, якая ажыццяўляе падачу нафты як на Мазыр, так і наступную падачу ва Украіну. Наперадзе вялізная тэхналагічная праца па выцясненні астатняй нафты, якая не адпавядае  Дасту,  і адпаведна ацэнка ўсяго магчымага ўрону, усіх страт як для суб'ектаў гаспадарання Беларусі, так і для рэспублікі ў цэлым з наступнай адпрацоўкай механізмаў кампенсацыі гэтых страт ужо з расійскім бокам".

Прэзідэнт сёння акрэсліў і сваю пазіцыю па гучнай карупцыйнай справе. Намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын быў затрыманы пры атрыманні хабару амаль у 150 тысяч долараў. Як уплывае на адплату за карупцыю факт блізкасці да Кіраўніка дзяржавы? І чаму інтэрнэт-пагалоска ўблытала ў рэзанансную, але, на жаль, банальную справу  замежную дыпламатыю? 

І яшчэ адно пытанне пра будучыя спартыўныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню з беларускай прапіскай. Эксперты і грамадства не сумняваюцца, што II Еўрапейскія гульні пройдуць годна. Значыць,  мы гатовыя прымаць яшчэ больш адказныя спартыўныя старты.