На нарадзе ў Прэзідэнта абмеркавалі праекты будаўніцтва футбольнага стадыёна і басейна

6 августа 2019

Ужо зараз Беларусь можа планаваць міжнародны каляндар спаборніцтваў на перспектыву. Прычына -   не толькі паспяховае правядзенне II Еўрапейскіх гульняў і спартыўная эйфарыя на "Дынама". Дарэчы, на яго пляцоўцы ўжо ў верасні адбудзецца лёгкаатлетычны матч "Еўропа - ЗША", а ў 2021 годзе на лядовых арэнах разам з Латвіяй рыхтуемся да правядзення чэмпіянату свету па хакеі. Ёсць віды на футбол і плаванне. Сёння на нарадзе ў Прэзідэнта абмеркавалі праекты будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту. Абсалютна бязвыплатна  іх узвядзе наш стратэгічны партнёр Кітай. Гэта прадугледжвае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе. У такім фармаце мы супрацоўнічаем ужо 12 гадоў. Рэалізаваны шматлікія праекты на суму больш за 200 мільёнаў долараў. Для параўнання,  толькі на будаўніцтва стадыёна і басейна  КНР выдзеляць яшчэ 235 мільёнаў. Гэтыя праекты будуць рэалізаваны дзякуючы асабістым дамоўленасцям Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна  і стануць візітнай карткай Кітая ў Еўропе і новымі сімваламі сяброўства нашых краін. Падрабязнасці  ў рэпартажы Ілоны Красуцкай

Сталічны праспект Пераможцаў - гэта сапраўдны ЗЛЖ-маршрут: Палац спорту - пункт старту Мінскага паўмарафону, веладарожка, Нацыянальны алімпійскі камітэт, "Мінск-Арэна". А колькі аб'ектаў па-за гэтым маршрутам. Многія з іх мы атрымалі дзякуючы маштабным падзеям - чэмпіянату свету па хакеі, да II  Еўрапейскіх гульняў  абнавілі стадыён "Дынама". А яшчэ праз пару гадоў у Мінску з'явяцца свой Нацыянальны футбольны стадыён і басейн міжнароднага стандарту. 

Праекты сёння абмеркавалі на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы. Будаўніцтва стадыёна і басейна цалкам прафінансуе Кітай. Так, усё абсалютна бязвыплатна, бо абодва аб'екты ўключаны ў пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе. Яны стануць сімвалам сяброўства дзвюх краін. Ніякага разварушвання, выключна гаспадарскі падыход - ключавыя патрабаванні Прэзідэнта. 

Міністэрства камерцыі КНР правядзе конкурс - у якасці генпадрадчыка вызначаць кітайскую кампанію. А вось для субпадрадных работ прыцягнуць беларускія будаўнічыя арганізацыі, максімальна будуць выкарыстоўвацца нашы будматэрыялы. 

Кітай пачаў аказваць тэхнічную дапамогу нашай краіне 12 гадоў таму. За гэты час удалося ўвасобіць 8 праектаў на суму  амаль  $130 мільёнаў. З гучных -  будаўніцтва сацыяльнага жылля, інтэрнаты, рэканструкцыя ракі Уша. Паралельна ў працы яшчэ праекты на 95 мільёнаў долараў. Каб зразумець маштаб. Зараз разава практычна ідэнтычная сума - 235 мільёнаў долараў - будзе выдзелена толькі на будаўніцтва стадыёна і басейна. Зрэшты, на гэтым кітайская тэхдапамога для Беларусі не закончыцца. КНР ужо запланаваў чарговую фінансавую падтрымку - гэта каля $100 мільёнаў.

Па двух нашых будучых спартыўных аб'ектах кітайскім бокам зарэзервавана 235 мільёнаў долараў. Кітай лічыць, што гэтыя аб'екты будуць яго тварам у Еўропе, таму яны вельмі сур'ёзна да іх ставяцца. Гэта будуць сапраўды знакавыя спартыўныя збудаванні, аналагаў якіх не вельмі шмат у нашым рэгіёне. Акрамя гэтых спартыўных будынкаў, прадугледжаны аб'ёмы тэхнічнай дапамогі, якая будзе выдзяляцца Кітайска-беларускаму індустрыяльнаму парку "Вялікі камень", мытнаму і пагранічнаму камітэтам, на трэці этап будаўніцтва сацыяльнага жылля ў Беларусі і іншыя кірункі.

Як будуць выглядаць абодва гэтыя праекты, макеты прапанавалі кіраўнікам дзяржавы ў красавіку ў Пекіне. Візуальна чытаецца кітайскі каларыт. 

Басейн пабудуюць у Мінску на месцы былой друкарні на вуліцы Кальварыйскай, а стадыён - на Ванеева (побач з арэнай "Трактар"). І там, і там ужо актыўна рыхтуюць пляцоўкі пад будаўніцтва. 

Тэхніка-эканамічная дапамога - Кітая, генеральным падрадчыкам будзе кітайская арганізацыя, праекціроўшчыкі - кітайскія арганізацыі, якія прапанавалі эксклюзіўнае рашэнне, у свеце такіх будаўнічых і функцыянальных рашэнняў яшчэ няма. Будавацца аб'екты будуць па міжнародных стандартах, зацверджаных і ўзгодненых адпаведнымі федэрацыямі: FIFA і FINA

Футбольная арэна стане домам для нацыянальнай зборнай. Стадыён разлічаны на 33 тысячы месцаў. На даху ўстановяць панэлі на сонечных батарэях, якіхя прапускаюць святло,  яны абароняць першыя рады ў непагадзь, а днём павялічаць натуральнае асвятленне футбольнага поля. 

Басейн алімпійскага класа з некалькімі чашамі даўжынёй па 150 метраў. За спаборніцтвамі змогуць назіраць 6 тысяч гледачоў. На тэрыторыі будзе і СПА-цэнтр. Гэта пакуль толькі візуалізацыя аб'ектаў. Але, вядома, больш за ўсіх іх увасаблення чакаюць тыя, хто кожны дзень аддаюць сябе спорту, - трэнеры і спартсмены. 

Вольга Яскевіч, трэнер-выкладчык гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву па водных відах спорту: "У любым выпадку гэта развіццё. Гэтак жа, як мы развіваем і будуем новыя аграгарадкі. Новыя IT-тэхналогіі. Новыя заводы або прадпрыемствы. Гэтак жа і тут. Новая база дасць новыя таленты. Абавязкова з'явяцца новыя трэнеры. Народзіцца трэнер - народзіцца спартсмен. І канкурэнцыя, саперніцтва - яно заўсёды дае новы плён. Галоўнае - правільна надаць матывацыю ўсяго плана падрыхтоўкі". 

Генплан прадугледжвае дадатковае добраўпарадкаванне, бегавыя дарожкі, велапаркоўку. А яшчэ клуб спорту, музей футбола і цэнтр валанцёраў. Праекты вельмі амбіцыйныя і іміджавыя. Словам, можна замахвацца на правядзенне чарговых міжнародных спаборніцтваў. Будуем для сваіх спартсменаў, але ў той жа час чакаем адпаведную аддачу! 

Кожны год Кітай актыўна інвестуе ў беларускую эканоміку. І гэта не толькі "Вялікі камень". Узаемадзеянне перажывае новую эпоху, усё-такі Беларусь - яркая нітка ў палатне Шаўковага шляху і важны пункт на карце ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях". Вядома, у сталіцы і так магчымасцяў шмат, спартыўныя пляцоўкі на любы густ і бюджэт - толькі займайся - было б жаданне! А з будаўніцтвам арэны і басейна размова зусім пра іншы ўзровень. Добрая база для старту спартыўнай кар'еры юных здольнасцяў! Такі ж удалы старт у свой час перажылі адносіны Беларусі і Кітая - усё як у вялікім спорце - толькі праца на вынік!