Бюджэт на наступны год захавае сваю сацыяльную скіраванасць

18 декабря 2018

Пра гэта ўчора гаварылі ў Палацы Незалежнасці, дзе Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прымаў даклад аб працы над гэтым дакументам і абноўленым Падатковым кодэксам. Асноўны пасыл пасяджэння - трэба лічыць кожную капейку. Марнатраўства на месцах, часам занадта маштабныя закупкі і неабгрунтаваныя камандзіроўкі павінны застацца ў мінулым. Так, удзел у форумах і іншых міжнародных мерапрыемствах пакінуць за пасольствамі нашай краіны. Больш за тое, упор будзе зроблены і на імпартазамяшчэнне. У Беларусі развітая вытворчасць як прадуктаў, так і цяжкай тэхнікі, і кідаць сродкі на закупку замежных аналагаў немэтазгодна.

Адзначым, дакумент паступіў у парламент для дапрацоўкі. Звярнуў увагу Прэзідэнт і на сітуацыю вакол падатковага манеўру з боку Расіі. Кране ён нафтавую галіну, і эканамісты лічаць, што Беларусь праз яго страціць немалыя грошы. Нават калі Мінск і Масква не дамовяцца, ніякай катастрофы не будзе, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Нагадаем, што двухбаковая сустрэча лідараў Беларусі і Расіі запланаваная на найбліжэйшы час.