Больш за 2 тысячы дзяцей сабрала Галоўная ёлка краіны ў Палацы Рэспублікі

27 декабря 2018

Свята, якое для сотняў хлопчыкаў і дзяўчынак запомніцца на ўсё жыццё. Больш за 2 тысячы дзяцей з усіх куткоў сабрала сёння Галоўная ёлка краіны ў Палацы Рэспублікі. Гэта яшчэ адна добрая традыцыя сучаснай Беларусі - у навагоднія дні і напярэдадні Раства дарыць нашым дзецям веру ў дабро, казку і дапамагаць здзяйсняцца іх марам. Вялікім і маленькім, адпаведна ўзросту. Бо дзеці - наш галоўны здабытак. З гэтымі словамі да ўсіх, каго сабраў сёння Палац, звярнуўся наш Прэзідэнт. Нягледзячы на занятасць, Аляксандр Лукашэнка кожны год знаходзіць час, каб сустрэцца з дзецьмі ля навагодняй ёлкі. Гэтае дабрачыннае свята атрымалася шчырым і эмацыянальным. У дружным карагодзе зімовай казкі кружылі і пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў, юныя актывісты. І тыя, хто застаўся без апекі бацькоў, для каго слова "мама" і "тата" ў сілу розных акалічнасцяў сышло са слоўнікавага запасу. Прысутнічалі на свяце і дзеці з сем'яў бежанцаў. Дабро нельга памацаць і ўбачыць. Яго можна толькі адчуць у шчырай усмешцы, радасці ў вачах, дзіцячым смеху. Бо для любога малыша святочная ёлка - гэта цэлы яркі свет дзяцінства, які затым сагравае ўсё жыццё. Свет, у які мы, дарослыя, укладваем шчырыя пачуцці любові і клопату. На свяце пабывала Вераніка Бута.

Для гэтых дзяўчынак адзін навагодні цуд ужо адбыўся. Маргарыта з Брэста і Біята з Мінска пазнаёміліся ў дзіцячым лагеры. І вось ужо паўтара года сябруюць. З-за адлегласці бачацца не часта. Якое ж было іх здзіўленне, калі яны сустрэлі адна адну ля Галоўнай ёлкі краіны.

Пазіраваць перад камерай для Біяты не ў навінку, прывыкла дзяўчынка і да ўспышак фотакамер. Юная зорачка займаецца гімнастыкай, вакалам, іграе на фартэпіяна. Без яе не абыходзіцца ні адзін школьны канцэрт. Паднімалася дзяўчынка ўжо і на вялікую сцэну, і на подыум. А сваім аднагодкам знаёмая ў ролі вядучай ранішняй праграмы "Дабраранак" на "Беларусь 3".

Не на вялікай сцэне (хоць танцавальны талент у наяўнасці), а ў вялікім спорце бачыць сябе яшчэ адзін удзельнік сённяшняга свята. Рэнату 10 гадоў, 3 з якіх ён прысвяціў хакею. Толькі за гэты сезон яго 6 разоў прызнавалі лепшым гульцом гомельскай каманды.

Без малога 2400 дзяцей з усіх рэгіёнаў краіны і госці з вільнюскай гімназіі і рыжскай беларускай школы. У Мінск дзеці прыехалі напярэдадні і ўжо паспелі наведаць цырк. А сёння з раніцы іх чакала новая шоу-праграма, якая стане адной з самых яркіх падзей іх дзяцінства.

Прэзідэнцкая ёлка - адна з самых доўгачаканых падзей у дзяцей. У адной зале выдатнікі і прызёры алімпіяд, спартсмены, школьныя актывісты. У зале хлопчыкі і дзяўчынкі, якія маюць патрэбу ў дадатковай увазе, - выхаванцы дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. Да Новага года ўсяго некалькі дзён. І кожны напоўнены верай у цуд і чаканнем здзяйснення сваіх самых запаветных жаданняў. У некаторых з дзяцей адно з жаданняў спраўдзілася сёння.

Наведаць Галоўную ёлку краіны мараць многія, але далёка не ўсім выпадае такі шанец. Кожны з прысутных тут сёння ўпэўнены, гэта права ён заслужыў, без сумненняў, выдатнай вучобай, сваім хобі. Кожны з іх не раз станавіўся маленькім гонарам для сваіх бацькоў, бабуль, настаўнікаў.

Адыходзячы год падарыў вялізную колькасць падстаў для гонару сваімі маленькімі беларусамі і Прэзідэнту краіны. У гэтым Аляксандр Лукашэнка літаральна з першых хвілін прызнаецца са сцэны Вялікай залы Палаца Рэспублікі. Збіраць хлопчыкаў і дзяўчынак ля Галоўнай ёлкі ўжо добрая традыцыя і абавязковае мерапрыемства ў графіку Кіраўніка дзяржавы.

Мірнае і шчаслівае дзяцінства - што можа быць больш важным для дзіцяці. А таму асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звяртае на каштоўнасці сучаснага свету і заклікае шанаваць мірнае неба і незалежнасць краіны.

Здавалася б, зусім не дзіцячая размова, але апраўданая. На жаль, усё больш у свеце становіцца месцаў, дзе дзеці сталеюць занадта рана. І юныя беларусы, нягледзячы на свой узрост, пра гэта ведаюць і хвалююцца. Няхай не часта пра гэтыя перажыванні яны гавораць уголас, але пішуць пра іх у сваіх лістах Дзеду Марозу.

У гэтых дзяцей наперадзе яшчэ столькі цікавага, кожнага з іх чакае па-свойму займальнае жыццё. Многае залежыць ад іх саміх і жаданняў, якія яны загадаюць пад Новы год.

Казачны спектакль - ключавы момант свята. Кожны год ён адметны. У гэтым пазнавалі "Формулу дабра". Каля 100 артыстаў (знакамітых і тых, хто толькі пачынае свой шлях на вялікай сцэне), прыгожыя дэкарацыі. Юныя гледачы за паўтары гадзіны паспелі пабываць і ў гарачай пустыні, і на заснежаных прасторах. І сталі сведкамі неверагоднага цуду - у халодных снягах вырас чароўны сад. "Формула дабра", гавораць артысты, працуе і ў рэальным свеце.

Падарунак ад імя Прэзідэнта атрымаў кожны. Без прэзента не застаўся і сам Кіраўнік дзяржавы. Аляксандру Лукашэнка ўручылі сімвал надыходзячага года. Дзеці зрабілі яго самі.

Новы год і Раство - асаблівы чароўны час для дзяцей. І так важна, каб кожнае дзіця гэтымі святочнымі днямі было акружана клопатам і любоўю і стала на крок бліжэйшым да сваёй запаветнай мары.

Прэзідэнцкая ёлка - кульмінацыя вялікага дабрачыннага марафону. Акцыя "Нашы дзеці" ўжо добрая традыцыя снежаньскіх дзён. Напярэдадні калядных і навагодніх свят ужо на працягу больш за 2 дзесяцігоддзі чыноўнікі, парламентарыі, палітыкі, медыяперсоны пакідаюць на час свае рабочыя кабінеты, каб падарыць крыху дабра і ўвагі тым, хто гэтым часта абдзелены. Да марафону сталі падключацца ўжо і прыватныя кампаніі. Сёлета ўсе разам плануюць павіншаваць больш за 15 тысяч дзяцей.

З надыходам Новага года акцыя не завершыцца. Навошта чакаць свята, каб тварыць дабро і спраўджваць дзіцячыя мары, бо калі ўважліва прыслухацца, хлопчыкі і дзяўчынкі шмат і не просяць.