Беларусь зробіць шэраг крокаў для адэкватнага рэагавання на размяшчэнне тэхнікі НАТА і правядзенне вучэнняў

3 ноября 2019
Спакою сёння не дадаюць падзеі, якія разгортваюцца ля нашых меж. Манеўры Паўночнаатлантычнага альянсу "Абаронца Еўропы" пройдуць вясной 2020 года. Лічы праз паўгода, а на зімоўку ў Літву ўжо сцягваюцца амерыканскія танкі і вайскоўцы. І хоць чыноўнікі НАТА пераконваюць, што вучэнні патрэбныя для адпрацоўкі мірных мэт, але ад гэтага не лягчэй. На фоне росту напружання ў свеце любы неасцярожны крок можа падарваць галоўнае - давер у рэгіёне. 

Беларусь прытрымліваецца выключна абарончай стратэгіі. Ні на каго не нападзём, але заўсёды гатовыя пастаяць за сябе. Ваенна-палітычнае становішча, рызыкі для краіны  і актыўнасць альянсу сталі падставай для размовы Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета бяспекі і Мінабароны. Апошні час гэту тэму,  а што там у суседзяў?,  актыўна абмяркоўваюць у грамадстве, бурліць інтэрнэт і СМІ. Вайскоўцы і разведка трымаюць Прэзідэнта ў курсе. 

Вялікай небяспекі няма, але не заўважаць таго, што адбываецца, мы проста не можам. Сам факт прысутнасці цяжкай бранятэхнікі ля нашага парога - і Беларусь проста абавязаная рэагаваць. Адказ павінен быць адэкватны. Кіраўнік дзяржавы даручыў унесці прапановы: канкрэтныя меры рэагавання, меры па гарантаванні бяспекі дзяржавы. 

Пазіцыя Мінска поўнасцю зразумелая: мы не збіраемся паказваць мускулы, але гатовыя да імгненнай рэакцыі. Без увагі не застаўся і той факт, што вучэнні будуць праходзіць у непасрэднай блізкасці ад беларускай АЭС. Яна абаронена з паветра найноўшым узбраеннем. Але Кіраўнік дзяржавы даручыў узмацніць і наземную абарону. 

Па выніках размовы стала зразумела, што Беларусь зробіць шэраг крокаў для адэкватнага рэагавання на размяшчэнне тэхнікі НАТА і правядзенне вучэнняў. Сярод іх  меры па кантролі за ўзбраеннямі, адпраўка інспекцыйных груп на сумежную тэрыторыю, узмацненне задач разведкі. А таксама павелічэнне колькасці сухапутнага кантынгенту на літоўскім кірунку.