Беларусі адводзіцца роля ключавой пляцоўкі новага "Шаўковага шляху"

11 мая 2015

Якім будзе амбіцыйны праект Кітая, і што атрымаюць краіны ўздоўж эканамічнага пояса? Аб трывалым фундаменце беларуска-кітайскага супрацоўніцтва рэпартаж Вольгі Макей.

Вялікая кітайская сцяна ўваходзіць у топ сусветных славутасцяў. Штогод яе наведваюць мільёны турыстаў. Даўжыня гэтай у свой час мяжы кітайскай цывілізацыі - больш як 8 з паловай тысяч кіламетраў. Практычна на такую ж адлегласць Кітай зараз выбудоўвае не сцяну, а своеасаблівы мост супрацоўніцтва з еўрапейскім кантынентам. "Шаўковы шлях" стане трывалым эканамічным фундаментам будучыні.

На Захад фактычна на даўжыню Вялікай кітайскай сцяны з усходняга порта Ляньюньган працягнецца аўтабан. Ён звяжа порт Паднябеснай з расійскім Санкт-Пецярбургам. З таго ж пункту, але ўжо далей, да галандскага Ратэрдама пройдзе чыгуначны маршрут.

Прыкладна так, па сушы, новы "Шаўковы шлях" выглядае на карце. Па водным маршруце прадоўжыцца і "Марскі шаўковы шлях 21 стагоддзя". Такім чынам, унутрыкантынентальныя краіны ўздоўж эканамічнага пояса ўскосна атрымліваюць выхад да мора.

Галоўная мэта амбіцыйнага праекта Кітая - стымуляваць не толькі ўнутранае развіццё вялікай краіны, але і развіваць узаемавыгадныя адносіны з дзяржавамі Еўразіі. Беларусь на гэтым маршруце лічаць ключавой пляцоўкай.

Ван Сінін, намеснік начальніка дэпартамента інфармацыі і друку МЗС Кітая: "Паглядзіце, геаграфічнае размяшчэнне Беларусі - пасярэдзіне "Шаўковага шляху". З такім выгадным размяшчэннем Беларусь адначасова глядзіць на Усход і на Захад. Ваша краіна - акно ў Еўропу з аднаго боку, з другога - прыцягненне еўрапейскіх капіталаў і тэхналогій на Усход. Мы спадзяёмся, Беларусь будзе адыгрываць ролю пляцоўкі злучэння Усходу і Захаду".

Вывучэннем эканамічнага патэнцыялу Беларусі займаюцца ў Акадэміі грамадскіх навук Кітая. Чжаа Хуэйжун усяго некалькі дзён таму вярнулася з Мінска. Беларусь ідэальнай пляцоўкай для інвестыцый лічыць па трох прычынах: выгаднае геаграфічнае становішча, добры бізнес-клімат і прафесійныя кадры.

Чжаа Хуэйжун, загадчыца аддзела інстытута Расіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Акадэміі грамадскіх навук Кітая: "Лукашэнка - дальнабачны палітык. Ён ведае, што такое супрацоўніцтва. Мы хочам выкарыстаць ваш патэнцыял. У нас ёсць вялікія ЗВР, тэхналогіі. Мы хочам укладаць у краіны, якія маюць вялікі эканамічны патэнцыял".

Кітай разлічвае і на развіццё рэгіянальнага ўзаемадзеяння ўздоўж "Шаўковага шляху". Горад Сюйчжоу ўжо выстройвае супрацоўніцтва з беларускімі машынабудаўнікамі. У планах стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Ёсць ідэі па супрацоўніцтве ў фармацэўтыцы. Кітайскія вытворцы хочуць не толькі дзяліцца вопытам, але і паспрабаваць наладзіць вытворчасць лекаў у Беларусі, выкарыстоўваючы беларускія напрацоўкі. У Мінск збіраюцца і ўрачы традыцыйнай кітайскай медыцыны, каб абмяняцца вопытам. А Сюйчжоу і Мазыр аб'яднаюць пабрацімскія сувязі.

Ван Ляньюй, начальнік аддзела канцылярыі па замежных справах г. Сюйчжоу: "Гораду Сюйчжоу пашанцавала. Яшчэ да ідэі "Шаўковага шляху" мы пачалі развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю. Будаўніцтва эканамічнага пояса дае больш магчымасцяў прадаваць вам наша абсталяванне, а нам купляць беларускую прадукцыю. Асабліва нас цікавіць сухое малако. Сумеснае прадпрыемства хоча стварыць і мясцовая фармацэўтычная кампанія".

Рэалізацыя "Шаўковага шляху" прадугледжвае будаўніцтва некалькіх соцень інфраструктурных праектаў, сярод якіх чыгункі, аўтатрасы, індустрыяльныя паркі. Гэта маршрут, па якім будуць рухацца не толькі тавары і прафесійныя кадры, але і вялізныя капіталы. Беларусь гатовая ўладкоўваць інфраструктуру і ствараць базу для прадпрыемстваў. Дарэчы, для рэалізацыі праекта Кітай інвестуе ў спецыяльна створаны фонд 40 мільярдаў долараў. Эканамічны пояс аб'яднае тэрыторыю з насельніцтвам 3 мільярды чалавек.