Беларусь - Судан. Развіццё эканамічнага супрацоўніцтва

29 августа 2017

Беларуская адукацыя нараўне з медыцынай геолагаразведкай і стварэннем сумесных зборачных вытворчасцяў - вось тое, што цікавіць афрыканскага партнёра нашай краіны Судан. І тое, што можа прыносіць узаемную выгаду. Аб развіцці эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі сёння таксама гаварылі ў Палацы Незалежнасці. У гэтыя дні ў Мінску знаходзіцца прадстаўнічая дэлегацыя парламентарыяў, міністраў, бізнесменаў на чале са спікерам Нацыянальнай асамблеі Судана. За апошнія паўгода двухбаковыя адносіны прыкметна ажывіліся. Імпульс дыялогу ў пачатку года надаў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў гэтую краіну. Беларусь гатовая адкрываць Афрыканскі кантынент. Гэта стала зразумела і па выніках сённяшніх перамоў Кіраўніка дзяржавы са спікерам парламента Судана. На што настроіліся афіцыйны Мінск і Хартум, ведае наш аглядальнік Наталля Брэвус.

У пачатку года візіт Аляксандра Лукашэнкі ў афрыканскія Судан і Егіпет стаў пераломным момантам. Праз гэтыя краіны Беларусь адкрывае для сябе не проста дзяржавы - цэлы кантынент! Не прымусілі партнёры доўга чакаць крокаў у адказ. Чарада афіцыйных асоб пацягнулася да нас. Напярэдадні прайшлі перамовы з кіраўніком егіпецкай дыпламатыі. А сёння - са спікерам парламента Судана.

У складзе дэлегацыі, апроч парламентарыяў, кіраўнікі міністэрстваў нафты і газу, фінансаў і эканамічнага планавання, цэнтральнага банка і прадстаўнікі дзелавых колаў. Вызначальным стаў студзеньскі візіт беларускага лідара ў Судан - тады прайшло некалькі раўндаў перамоў. Агульную мову знайшлі і прэзідэнты. Трэба сказаць, што пасля гэтага прыкметна ажывіліся адносіны паміж дзяржавамі па лініі міністэрстваў і бізнесу.

У памяці спікера, ды і шматлікіх суданцаў - эмацыянальная і яркая прамова Аляксандра Лукашэнкі з трыбуны Нацыянальнай асамблеі. Гэта ніжняя палата парламента Судана. Выбары ў Нацасамблею прайшлі ў 2015 годзе. Яна складаецца з 426 дэпутатаў. Большасць - у партыі Нацыянальнага кангрэса. Яе погляды падтрымлівае і спікер Ібрагім Ахмед Амер. Тады, звяртаючыся да народных выбраннікаў афрыканскай краіны, уплывовы і вопытны палітык Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра цану міру. Бо час ад часу Афрыку ліхаманіць, хапае супярэчнасцяў, якія праходзяць са зброяй у руках. Гаварыў беларускі Прэзідэнт пра будучыню Афрыканскага кантынента - без гэтага немагчымы сучасны свет. Пра перавагі супрацоўніцтва з краінай у цэнтры Еўропы.

Ібрагім Ахмед Амер, старшыня Нацыянальнай асамблеі Судана: "Дзякуй за цёплы прыём. Хачу перадаць Вам прывітанне ад кіраўніка Судана, які высока Вас шануе. Мы лічым, што Ваш візіт у нашу краіну сталі гістарычным, а на сустрэчы прэзідэнтаў была закладзеная аснова для развіцця адносін. Ваша выступленне перад членамі парламента было запамінальным, зразумелым кожнаму жыхару. І мы тады адчулі, што перад намі сапраўдны лідар, які гатовы развіваць адносіны з Рэспублікай Судан".

Нягледзячы на палітычную бязладзіцу, Афрыку завуць кантынентам, які абуджаецца. Зямля багатая на рэсурсы - ад нафты і фасфарытаў да золата і алмазаў. Тэхналогіі і абсталяванне ў такі час як нельга дарэчы. Усё гэта ёсць у Беларусі. З Суданам тавараабарот пакуль невялікі. За мінулы год наблізіўся да 40 мільёнаў долараў. І гэта ў асноўным беларускі экспарт. З нашай краіны ў афрыканскую рэспубліку адпраўляюцца трактары, шыны, угнаенні. Усё гэта актуальна для аграрнага сектара Судана. Урадлівыя землі Ніла даюць магчымасць вырошчваць бавоўну, арахіс, цукровы трыснёг і шматлікае іншае. Але вось якаснай і надзейнай тэхнікі пакуль нямнога. Таму ў Беларусі ў першую чаргу бачаць надзейнага прамысловага партнёра. Трактары мінскага завода завуць лакаматывам развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. Пра гэта гаварылі, калі наведвалі трактарную вытворчасць у Мінску.

Перайсці ад намераў да сумесных праектаў. Такім можа стаць, напрыклад, арганізацыя зборачнай вытворчасці тэхнікі. Бо пастаўкі добра, але сумесная вытворчасць - яшчэ лепш. Беларусь прапануе выпускаць не толькі трактары. Лінейка машын можа быць значна шырэйшай - ад камбайнаў да самазвалаў. Перспектыўная геолагаразведка ў гэтай краіне - Судан багаты на нафту і золата.

Усе праекты ўжо знайшлі адлюстраванне ў дарожнай карце. А сёння партнёры падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве на ўзроўні парламентаў дзвюх краін.

Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Мы пацвердзілі намер актыўна садзейнічаць нашым урадам у рэалізацыі планаў па стварэнні сумесных прадпрыемстваў, зборачных вытворчасцяў на тэрыторыі Судана, будаўніцтве жылля, прамысловых аб'ектаў, супрацоўніцтве ў гуманітарнай сферы. У цэлым парламентарыі Беларусі і Судана настроеныя на сур'ёзную сумесную працу".

Ібрагім Ахмед Амер, старшыня Нацыянальнай асамблеі Судана: "Лідары нашых краін стварылі надзейную базу для далейшага дыялогу паміж дзяржавамі. І мы сёння яшчэ больш умацавалі масты супрацоўніцтва паміж Мінскам і Хартумам як у палітычнай, так і эканамічнай сферах. Гэта пацвярджае жаданне нашых парламентаў працаваць на пашырэнне двухбаковых кантактаў. Мы разлічваем, што яны будуць развівацца як на рэгіянальным узроўні, а таксама выльюцца ва ўзаемную падтрымку на міжнародных пляцоўках".

Скіраванасць на стварэнне сумесных кампаній сёння пацвердзіў і кіраўнік Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Такія праекты стануць гарантам доўгатэрміновых адносін паміж краінамі. Акрамя таго, Беларусь гатовая дзяліцца з афрыканскімі партнёрамі ноу-хау ў розных сферах эканомікі - ад медыцыны да вытворчасці харчавання. Разам краіны плануюць узяцца за будаўніцтва малочна-таварных комплексаў у Судане. Усё гэта вынікі плённых перамоў міністраў. Фінансісты маюць намер максімальна спрасіць узаемаразлікі. Вось такая дапамога бізнесу.

"З поўначы на захад, а там, глядзіш, і ўвесь кантынент будзе нашым". Пад такім дэвізам прасоўвае сваю тэхніку Мінскі аўтамабільны завод. У планах адкрыць зборачны завод у Егіпце ўжо ў гэтым верасні. Прапрацоўваецца пляцоўка Нігерыі. У Судан ідуць пакуль невялікія партыі аўтатэхнікі - па 50 адзінак. Прыкладна такія пастаўкі запланаваныя і на наступны год.

Вялікія надзеі ўскладаюць на працу беларуска-суданскай камісіі. У полі яе зроку заўсёды будуць агульныя праекты - намечаныя і новыя, у тым ліку і ў адукацыі. У Судане зацікаўленыя, каб як мага больш маладых людзей атрымлівалі веды ў Беларусі. На парадку дня і пытанне адкрыцця пасольстваў. Пакуль дыпламаты працуюць па сумяшчальніцтве. Але стварэнне дыпмісій будзе залежаць і ад таго, наколькі інтэнсіўным стане супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Суданам.