Прэзідэнт знаходзіцца з рабочай паездкай у Брэсце

11 августа 2017

Беларусь атрымлівае значную аддачу ад сродкаў, укладзеных у мадэрнізацыю перапрацоўчай прамысловасці. Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ў Брэсце прадпрыемства "Савушкін прадукт".

За апошнія 10 гадоў на пашырэнне і абнаўленне вытворчасці кампанія накіравала амаль 300 мільёнаў долараў. Пры гэтым, што важна, сродкі ідуць не толькі на тэхнічнае пераабсталяванне, але і на ўмацаванне сыравіннай базы. Прэзідэнт агледзеў мадэрнізаваную вытворчасць завода. Плюс тут за рэкордна кароткія тэрміны наладзілі выпуск новага прадукту - мяккіх сыроў і тварагу. Каб паскорыць дастаўку малочных прадуктаў ад вытворца да пакупніка, з'явіўся і сучасны лагістычны цэнтр. Адзін з найбуйнейшых у краіне. Дзякуючы якасці тавары пад гэтым брэндам папулярныя не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Сінгапуры, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і шматлікіх іншых дзяржавах. Толькі летась аб'ём экспарту склаў больш за 200 мільёнаў долараў. Гэта адзначыў Прэзідэнт, выступаючы перад калектывам завода.

За дасягненні ў гаспадарчым развіцці Кіраўнік дзяржавы ўручыў камандзе завода ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Гэта не толькі знак высокага прызнання заслуг усяго калектыва, але і паказчык народнай любові да вядомай малочнай маркі. Наогул жа буйны прамысловы і лагістычны цэнтр краіны - Брэст - праз два гады рыхтуецца адзначыць сваё тысячагоддзе. Да юбілейнай даты абласны цэнтр прыкметна змяняецца, з'яўляюцца новыя аб'екты, мікрараёны. З узвядзеннем такіх жылых комплексаў сёння азнаёміўся і Кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, Прэзідэнт запатрабаваў прывесці ў парадак мясцовы аэрапорт і ўнесці прапановы па яго загрузцы, бо пакуль паветраная гавань практычна не выкарыстоўваецца, прымае на тыдзень толькі 2 рэйсы з Калінінграда. Вядома, цэнтральнай тэмай сёння стала сацыяльна-эканамічнае развіццё горада і рэгіёна. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся ўзроўнем зарплаты (сярэдні арыенцір па-ранейшаму тысяча рублёў) і занятасцю насельніцтва.

Нельга дапусціць, каб у краіне з'явіўся клас беспрацоўных, падкрэсліў Прэзідэнт.

Сёння Кіраўнік дзяржавы наведаў пляцоўку яшчэ аднаго маштабнага аб'екта - гэта будаўніцтва ў Брэсце так званага Заходняга абходу. Гэтая транспартная развязка дазволіць разгрузіць горад ад вялікага аўтамабільнага трафіку і дапаможа аптымізаваць транспартныя патокі паміж левым і правым берагамі ракі Мухавец. Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу, што пры будаўніцтве транспартнай артэрыі трэба захоўваць інтарэсы людзей. Бо прыйдзецца знесці частку жылых дамоў. У новыя апартаменты, якія дадуць недалёка, пераедуць каля 40 сем'яў. Завяршыць будаўніцтва Заходняга абходу плануецца ў 2019 годзе - да 1000-годдзя Брэста.