Беларусь і Кітай. Сустрэча лідараў дзвюх краін у Пекіне

29 сентября 2016

Сёння ў рамках дзяржаўнага візіту ў Кітай у Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Пекіне адбыўся шэраг сустрэч. Галоўная з іх са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Як адзначылі лідары, Беларусь і Кітай усталявалі адносіны ўсебаковага давернага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Такі беспрэцэдэнтна высокі ўзровень узаемадзеяння афіцыйны Пекін падтрымлівае ўсяго з чатырма дзяржавамі на планеце, уключаючы нашу краіну.

Якасна новы статус беларуска-кітайскага партнёрства адлюстраваны ў сумеснай дэкларацыі, якую сёння па выніках сустрэчы ў Пекіне падпісалі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін. У дакуменце гаворыцца, што Беларусь і Кітай у эканамічным супрацоўніцтве маюць намер фарміраваць архітэктуру ўзаемнай выгады. Акрамя таго, краіны заявілі аб намеры сумесна прасоўваць будаўніцтва "Аднаго пояса, аднаго шляху". Умацаванне гэтай ініцыятывы будзе спалучана са стратэгіяй развіцця Беларусі. Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР сёння правялі перамовы ў пашыраным складзе. Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Сі Цзіньпіну за значны асабісты ўнёсак у развіццё беларуска-кітайскіх адносін.

Сі Цзіньпін, Старшыня КНР:

"Вы - вялікі сябар кітайскага народа. Я высока ацэньваю ваш вялізны ўнёсак у прасоўванне кітайска-беларускіх адносін. Мы вывелі двухбаковае і шматпланавае ўзаемадзеянне на траекторыю паскоранага развіцця. Ваш візіт праходзіць у вельмі важны момант, калі мы падводзім вынікі кітайска-беларускіх адносін. Кітай і Беларусь - сапраўдныя сябры і самыя шчырыя партнёры. Дзякуючы агульным намаганням нашы адносіны дынамічна развіваюцца і паднімаюцца на новы ўзровень, умацоўваюцца ўзаемны давер, практычнае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах".

Пасля завяршэння афіцыйных перамоў у пашыраным складзе кіраўнікі дзяржаў працяглы час гутарылі ў фармаце сам-насам. Падчас сустрэчы палітыкі адзначылі беспрэцэдэнтна высокі ўзровень адносін, дасягнутых паміж Беларуссю і Кітаем. Сярод іншых тэм Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін абмеркавалі важнасць развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Размова таксама ішла аб узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы і турызме. Старшыня КНР прапанаваў захаваць дынаміку адносін і сустрэч на вышэйшым і высокім узроўнях. Па выніках афіцыйных перамоў Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзіньпіна ордэнам "За ўмацаванне міру і сяброўства". Такая высокая ўзнагарода з'яўляецца новай і ўручаецца ўпершыню.

Акрамя сустрэчы з кіраўніком КНР беларускі лідар сёння правёў серыю перамоў з найбольш уплывовымі палітыкамі Паднябеснай. Пекін можа разлічваць на садзейнічанне Мінска ў пытанні прасоўвання сваіх інтарэсаў у Еўропе. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са Старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам.

За амаль 25 гадоў дыпламатычных адносін паміж Мінскам і Пекінам гэты візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай ужо дзявяты. З года ў год менавіта сустрэчы на вышэйшым узроўні падштурхоўваюць краіны да развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. Ужо сёння дзяржавы звязваюць дзясяткі інвестпраектаў - гэта тысячы новых рабочых месцаў у Беларусі, уласны легкавы аўтапрам, а ў фінансавай сферы - льготныя і камфортныя крэдыты. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя