Беларусь і Еўрасаюз значна прасунуліся ў развіцці двухбаковых адносін

19 февраля 2019

У тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы. Гэта напярэдадні заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з еўракамісарам Гюнтэрам Этынгерам. Ён адказвае ў Еўрапейскай камісіі за бюджэт і кадравыя рэсурсы. Беларускі лідар канстатаваў: калі паміж Мінскам і Бруселем і бываюць праблемы, то яны ўжо сапраўды не носяць хранічнага характару і падлягаюць вырашэнню. Еўрасаюз - другі па значнасці рынак для беларускага экспарту. Па выніках 2018 года ў гандлі з ЕС спецыялісты адзначаюць станоўчы трэнд. Тавараабарот паказаў амаль 20-працэнтны рост і перавысіў 17 мільярдаў долараў. Прычым пастаўляем у ЕС больш, чым купляем. Гэта важна з улікам таго, што мы мэтанакіравана дыверсіфікуем знешні гандаль.

Па словах Этынгера, Еўрасаюз хоча павялічыць фінансаванне праектаў у Беларусі. Еўракамісар расказаў, што якраз зараз распрацоўваецца бюджэт практычна на найбліжэйшыя дзесяць гадоў. У бюджэтным плане адведзена месца і пад фінансаванне праектаў па лініі "Усходняга партнёрства". Частка з іх будзе рэалізаваная ў нашай краіне. Ёсць дамоўленасць стварыць рабочую групу з экспертамі з Беларусі і Еўрапейскай камісіі ў Бруселі для абмеркавання канкрэтных напрамкаў супрацоўніцтва і будучыя праграмы.

У цэлым адносіны Мінска і Бруселя апошнімі гадамі развіваюцца ў пазітыўным ключы. Гэта пацвярджае і частата візітаў еўрапейскіх палітыкаў. Мінулы год быў рэкордным па колькасці кантрактаў з урадамі краін ЕС і еўраструктурамі. Цікавасць Еўрасаюза да Беларусі расце, як і цікавасць заходніх кампаній.