Беларусь і Азербайджан падпісалі дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2025 года

28 ноября 2015

Прэзідэнты Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка спачатку пагутарылі ў вузкім фармаце. Пасля адбыліся перамовы ў пашыраным складзе. Да абмеркавання двухбаковых адносін далучыліся члены дэлегацый. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Ільхаму Аліеву засяродзіць увагу на новых ідэях і кірунках узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Прэзідэнт Беларусі з задавальненнем адзначыў, што Мінск і Баку не дапусцілі прыкметнага паніжэння ўзаемнага тавараабароту нават ва ўмовах крызісу ў сусветнай эканоміцы.

Па выніках афіцыйных перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева ў Палацы Незалежнасці падпісаны дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве паміж краінамі да 2025 года. Прэзідэнт Беларусі ўручыў ордэн Пашаны першаму намесніку прэм'ер-міністра Азербайджана Ягубу Эюбаву і старшыне наглядальнага савета вытворчага аб'яднання "Гянджынскі аўтамабільны завод" Ханлару Фатыеву. Высокай узнагароды яны ўдастоеныя за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Азербайджанам.