Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі навінкі айчыннай вытворчасці

18 сентября 2018

Сёння ў выставачным комплексе "Белэкспа" Прэзідэнту прадэманстравалі цікавыя навінкі айчыннай вытворчасці - зімовую спецтэхніку, спартыўны інвентар і музычныя інструменты. Выпускаць сваё было даручэннем Кіраўніка дзяржавы. Беларускія ратракі для ўшчыльнення лыжных трас і лёдазалівачную машыну зрабілі на МТЗ. Лакалізацыя доследных узораў пакуль каля 50 %, але ўжо ў наступным годзе гэта павінна быць цалкам беларуская тэхніка. Айчынныя вытворцы ўзяліся і за выпуск лыжнай экіпіроўкі - чаравікі, мацаванні, лыжныя палкі, лыжаролеры, усё, што неабходна школьнікам і спартсменам-пачаткоўцам. Сярод экспанатаў сёння былі і музычныя інструменты - піяніна, гітары, цымбалы, баян. Тое, што іх вытворчасць трэба аднаўляць, стала зразумела пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з творчай моладдзю ў сакавіку. Навучэнцы распавялі пра сваю бяду. Быццам і гатовыя таленавітыя і крэатыўныя тварыць, але якасць таго, на чым можна вучыцца іграць, а потым і выступаць перад публікай - не самая лепшая. Тады Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне - удыхнуць новае жыццё ў выпуск інструментаў для творчых маладых людзей.

Спорт і мастацтва - гэта тыя сферы, якія дапамагаюць выхоўваць і развіваць нашых дзяцей з усіх бакоў. Экіпіроўка айчыннай вытворчасці, як і музычныя інструменты, атрымліваецца таннейшай, а значыць, больш даступнай для тых, хто хоча развіваць свае таленты. Як выконваецца даручэнне Прэзідэнта выпускаць сваё - глядзіце сёння ў "Панараме".