Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ўчора з прэзідэнтам Венесуэлы

4 июля 2013

З галоўным дзяржаўным святам Беларусі супаў першы афіцыйны візіт Нікаласа Мадура ў Мінск у якасці новага прэзідэнта Венесуэлы.


Краіны ў найбліжэйшы час выпрацуюць новую дарожную карту развіцця двухбаковых адносін. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі заявіў па выніках перамоў з венесуэльскім калегам. Сустрэча лідараў адбылася адразу пасля ваеннага парада. Нікаласа Мадура ў Адміністрацыі Прэзідэнта сустракаў асабіста Аляксандр Лукашэнка.


Венесуэла плануе і далей развіваць дамоўленасці з Беларуссю. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Нікалас Мадура на двухбаковай сустрэчы. Беларускі лідар у сваю чаргу адзначыў, што на гэтым этапе ўжо прасцей выбудоўваць адносіны з Венесуэлай, бо раней быў закладзены трывалы падмурак супрацоўніцтва. Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Нікаласа Мадура працягваліся больш за 3 гадзіны. За гэты час прэзідэнты абмеркавалі ўвесь спектр беларуска-венесуэльскіх адносін.


Пасля прайшла сустрэча ў пашыраным складзе, дзе ўжо дэталёва абмяркоўвалася гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Зараз асноўная задача - з выкарыстаннем наяўнай асновы працягнуць развіваць дасягнутыя раней дамоўленасці.


Ужо праз месяц у Мінску збярэцца міжурадавая камісія і выпрацуе пэўныя прапановы па дарожнай карце супрацоўніцтва. Праекты будуць прапанаваныя на разгляд прэзідэнтаў Беларусі і Венесуэлы.