Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з гендырэктарам і ўладальнікам кампаніі "Штадлер Рэйл Груп" Петэрам Шпулерам

1 августа 2016

Беларусь гатовая працаваць з кампаніяй "Штадлер Рэйл Груп" і рэалізоўваць прапановы яе кіраўніцтва. Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з гендырэктарам і ўладальнікам кампаніі Петэрам Шпулерам.

Супрацоўніцтва пачалося 6 гадоў таму, калі Беларуская чыгунка набыла дзясятак швейцарскіх электрычак. Тэхніка зарэкамендавала сябе добра, і ўказам Прэзідэнта Беларусі было створана сумеснае прадпрыемства.

У лістападзе 2014-га ў Фаніпалі адкрыўся беларуска-швейцарскі завод "Штадлер Мінск". Сёння гэта паспяховы сумесны праект з інвестыцыямі больш чым 50 млн долараў і адна з самых сучасных вытворчасцяў у Еўропе.

На сустрэчы ў Палацы Незалежнасці таксама абмяркоўвалі магчымасць вытворчасці "Штадлер Мінск" цягнікоў для трэцяй лініі сталічнага метрапалітэна.

Па выніках сустрэчы ў Кіраўніка дзяржавы Петэр Шпулер падзяліўся падрабязнасцямі з журналістамі. "Штадлер Рэйл Груп" поўная рашучасці працаваць у Беларусі. Завод прадоўжыць супрацоўнічаць з Белкамунмашам - закупліваць кампаненты для вытворчасці. І, магчыма, будзе развіваць партнёрства і з іншымі беларускімі прадпрыемствамі. У прыватнасці, перамовы вядуцца з магілёўскай "Строммашынай". Падрабязнасці рабочага дня Прэзідэнта ў нашых наступных выпусках.