Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з Уладзімірам Пуціным

5 февраля 2016

Двухбаковыя адносіны Беларусі і Расіі, рэгіянальнае супрацоўніцтва і пытанні інтэграцыйнага парадку дня. Гэтыя тэмы сёння сталі цэнтральнымі падчас перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Кіраўнікі дзяржаў сустрэліся ў Сочы, дзе беларускі лідар знаходзіцца з кароткачасовым водпускам. Палітыкі дамовіліся ўмацоўваць узаемадзеянне па ўсіх кірунках двухбаковага супрацоўніцтва. Прэзідэнты Беларусі і Расіі ўзгаднілі пазіцыі па шэрагу пытанняў. Абмеркавалі ў прыватнасці і тэмы міжнароднага парадку дня і рэгіянальнай бяспекі. Лідары дзвюх краін пагадзіліся з тым, што неабходна аб'ядноўваць намаганні ва ўмовах сучасных выклікаў. За зачыненымі дзвярамі кіраўнікі дзяржаў мелі зносіны некалькі гадзін. Нагадаем, у мінулую нядзелю Аляксандр Лукашэнка правёў нефармальную сустрэчу з прэм'ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым.

У 2015 годзе прэзідэнты Беларусі і Расіі сустракаліся 11 разоў, як сам-насам, так і на пляцоўках розных самітаў, і неаднаразова праводзілі тэлефонныя перамовы. Такія частыя зносіны палітыкаў - гэта своеасаблівая зверка гадзіннікаў у няпросты эканамічны час.

Цяперашняя сустрэча стала развіццём тэм, паднятых кіраўнікамі дзяржаў у тэлефоннай гутарцы на мінулым тыдні. У найбліжэйшай будучыні Мінск і Маскву чакае шэраг буйных падзей. Гэта пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета, якое адбудзецца ў канцы лютага ў беларускай сталіцы. А ў чэрвені Мінск прыме форум рэгіёнаў дзвюх краін. Ён пройдзе трэці раз.

Нагадаем, папярэдні беларуска-расійскі міжрэгіянальны форум праходзіў у Сочы, у верасні мінулага года. І калі Дзяржсавет закліканы стаць пляцоўкай для абмеркавання палітычных і макраэканамічных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, форум дапаможа ўмацаваць старыя і наладзіць новыя бізнес-кантакты.