Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у парадзе, прысвечаным Дню Незалежнасці

3 июля 2018

Не сакрэт, што для многіх Дзень Незалежнасці - гэта свята, напоўненае думкамі пра сям'ю. Бо дзе б мы ні былі ў гэты дзень, мы ўспамінаем нашых бабуль і дзядуляў, бацькоў і маці і ўсіх блізкіх, што прайшлі праз вогненныя гады. Мы ўспамінаем сваіх родных, тых, хто з намі, і тых, каго няма. Успамінаем пакаленне, што маршыравала на парадзе ў Мінску ў ліпені 44-га. Тады яны выканалі місію, ацэненую ўсёй планетай Зямля.

Але да той агульнай Вялікай Перамогі яны ішлі, каб абараніць сваю зямлю, дамы свайго дзяцінства. Сёлы, і гарады, і мястэчкі, дзе жылі іх любімыя і родныя. І яны абаранілі кожны сваю малую радзіму. І разам з іншымі братэрскімі народамі збераглі радзіму агульную. Збераглі для нас.

І мы не забываем пра гэта, калі сёння думаем пра сваю зямлю і пра нашых дзяцей, што атрымаюць яе. І па сямейнай традыцыі мы вядзем дзяцей глядзець парад. Бо парад - гэта даніна памяці тым, хто прынёс нам свабоду. І гэта наша перад імі абяцанне - зберагчы здабыты імі для нас мір і цяперашнюю незалежнасць нашай мірнай зямлі. Гэта наша клятва пакаленню герояў. Пакаленню нашых родных.

Таму на сённяшнім парадзе, на гуляннях і ўвечар на салюце мы, беларусы, дзеці і ўнукі пакалення пераможцаў, мы без перабольшання - адна сям'я.

І мы паказалі, што гатовыя абараняць сваю сям'ю, - пра гэта гаварыў і наш Прэзідэнт, калі адкрываў парад у Мінску. Урачыстасці, прымеркаваныя да 3 Ліпеня, стартавалі сёння ля стэлы "Мінск - горад-герой". У цэнтры парада знаходзіліся нашы карэспандэнты.

Спачатку галоўныя акцэнты, якія зрабіў у гэты дзень, выступаючы перад беларусамі, Прэзідэнт, - у нашага палітычнага аглядальніка Наталлі Брэвус. Штораз прысутнасць на парадзе выклікае мора эмоцый: параднае шэсце займае дух і ў дарослых, і ў дзяцей. Тут, як нідзе, адчуваецца, што Беларусь у гэтыя дні жыве святам. Нягледзячы на разгар лета, гэтым разам раздажджылася. Але насуперак капрызам нябеснай канцылярыі ўсё атрымалася!

Многія не пабаяліся дажджлівай раніцы - і правільна! Часам імжыла, але цярпець можна. Ніякія прагнозы ў выніку не азмрочылі 3 Ліпеня і святочны парад. Хай хмурнае, але мірнае неба. Падзяліць радасць і ўрачыстасць гэтага дня ўсе ахвотнікі прыходзілі ў цэнтр Мінска задоўга да пачатку мерапрыемства.

За гады незалежнасці 3 Ліпеня стала значным святам - і для тых, хто прайшоў вайну, і для тых, хто ведае пра яе толькі з фільмаў, аповедаў і падручнікаў гісторыі. У гэты дзень, успамінаючы мінулае, ствараем планы. Бо вынік той вайны шмат у чым прадвызначыў будучыню Беларусі, гэта значыць, нашу сучаснасць.

Станіслаў Зась, Дзяржсакратар Савета Бяспекі Беларусі: "Самае наша галоўнае свята дзяржаўнае - Дзень Незалежнасці. Пэўна, у любой краіне такое стаўленне да гэтага свята. Гавораць, што незалежнасць лёгка набыць, але вельмі складана захаваць. Гэта насамрэч так. Нам, нашай краіне, гэта атрымліваецца. Праз столькі часу наша незалежнасць умацоўваецца. І дзяржаўнасць умацоўваецца, краіна развіваецца".

Прыезд Прэзідэнта і Галоўнакамандуючага дае старт урачыстасці ля стэлы. Міністр абароны прымае даклад камандуючага парадам пра гатовасць войскаў Мінскага гарнізона. Сінхроннасць і выразнасць кожнага кроку вайскоўцы рэпеціравалі не адзін тыдзень. Іх строгай выпраўкай і дакладнасцю можна толькі захапляцца. Перад пачаткам - традыцыйны аб'езд войскаў і віншаванні вайскоўцам. Гэта абаронцы Радзімы і сапраўдныя патрыёты - тыя, хто заўсёды на варце міру і бяспекі.

З параднай трыбуны Прэзідэнт звяртаецца да нацыі. Роўна 74 гады таму быў вызвалены Мінск. Беларусы не скарыліся акупантам і разам з іншымі народамі перамаглі ў самай кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя. Вось такая нясхільная сіла волі і цвёрдасць духу нашых людзей! Галоўнае дзяржаўнае свята па волі народа краіна святкуе менавіта 3 ліпеня. Гэтая дата па праве заняла асаблівае месца ў гісторыі Беларусі. У гэтым дні разам зліліся такія важныя для ўсіх нас рэчы, як свабода і незалежнасць.

Прэзідэнт са шкадаваннем канстатуе няпростае становішча ў свеце. Аляксандр Лукашэнка як палітык з вопытам бачыць і ведае, наколькі сур'ёзныя глабальныя выклікі. Таму афіцыйны Мінск прынцыпова і нязменна выступае за мірнае вырашэнне самых складаных канфліктаў і міждзяржаўных спрэчак. Усімі сіламі Беларусь на сусветнай арэне прапаноўвае важную і такую патрэбную сёння ініцыятыву маштабнага міжнароднага дыялогу ў пытаннях бяспекі. Каб не паўтараліся жорсткія ўрокі гісторыі.

Сімвалічна, што сёння нашчадкі салдат-пераможцаў стаяць у адным парадным страі. Дарэчы, сёлета фармат парада пашыраны. І ў парадным шэсці побач з беларусамі не толькі вайскоўцы Расійскай Федэрацыі - гэта ўжо стала добрай традыцыяй. Але ўпершыню і вайскоўцы з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Аддаючы даніну памяці падзеям Другой сусветнай, мы памятаем, што яна пачалася на Захадзе і скончылася на Усходзе. Сёння што ў ваеннай сферы, што ў дыпламатыі Беларусь прытрымліваецца палітыкі міру.

Ад Галоўнакамандуючага ў гэты дзень яшчэ раз гучаць добрыя словы ў адрас ветэранаў. Яны абаранілі для нас права жыць у свабоднай краіне. Такая гераічнасць і самаахвярнасць - прыклад для маладога пакалення.

Сённяшняе свята - сімвал мужнасці і стойкасці беларускага народа, пераемнасці пакаленняў і адданасці доўгу. Яно служыць напамінкам пра тое, што лёс Радзімы, яе сучаснасць і будучыня залежаць ад нашай адданасці ідэалам свабоды і незалежнасці, імкнення захаваць мір і спакой на роднай зямлі.

Усе фарбы галоўнага свята змаглі ўбачыць і тыя, хто быў у гушчы падзей на праспекце Пераможцаў, і тыя, хто ўсё ж застаўся дома. Трансляцыю ваеннага парада ў гонар Дня Незалежнасці Беларусі вяла Белтэлерадыёкампанія, а таксама тэлеканал "Расія 24".

Кароткім, але вельмі праніклівым атрымаўся зварот лідара краіны да ўсіх беларусаў у гэты дзень. З параднай трыбуны Прэзідэнт гаварыў пра тое, што ў гэты дзень адчуваюць многія з нас: падзяку ветэранам, радасць мірнага жыцця і неабходнасць умацоўваць міжнародную бяспеку. Словы ад жыцця - такія заўсёды кранаюць. І задаюць тон урачыстасцям з нагоды галоўнага дзяржаўнага свята.

Свята атрымалася вельмі насычаным, а парад - яркім і ўрачыстым. Напэўна, мы будзем яго неаднаразова разбіраць на самыя цікавыя моманты і дэталі. Бо сёлета было на што паглядзець: выступленне роты ганаровай варты, жаночы полк, парад ваеннай тэхнікі і, вядома ж, асы неба - авіяцыя. Зрэшты, пра ўсё па парадку.

Расказвае Аляксей Волкаў. Няма больш цяжкай дарогі за дарогу да незалежнасці. Беларусь гэта зазнала ў гады цяжкай вайны. Мабыць, таму вялікі святочны парад каля стэлы "Мінск - горад-герой" - непарушная традыцыя. Своеасаблівае палатно памяці і падзякі тым, хто падарыў нам гэты дзень.

Гэта неаднаразова падкрэслівалася. Беларусь - мірная дзяржава. У нашай ваеннай дактрыне нават верагодных праціўнікаў няма. Але абараняць сябе, сваіх людзей, зямлю, неба мы будзем. І парад ваеннай тэхнікі - не гульня мускуламі на публіку, а своеасаблівая справаздача перад беларусамі: вы можаце спаць спакойна. 19 пешых разлікаў, крыху больш - ваеннай тэхнікі. Для любога салдата, афіцэра выйсці на гэты шлях - тры кіламетры пашаны.

Парад-2018 - унікальны. Больш як дзвесце з паловай адзінак тэхнікі, ад правераных часам танкаў Т-34 да найноўшага "Дракона", "Шэршня" і нашчадка ваеннай легенды - Т-72. І ўсё гэта ў год стагоддзя Узброеных сіл Беларусі.

На ўзбраенні беларускай арміі знаходзіцца і цэлы кветкавы сад: "Акацыя", "Гіяцынт", "Гваздзік" - правераныя часам артылерыйскія ўстаноўкі суседнічаюць са звонкім "Паланэзам". Рэактыўная сістэма - самы надзейны шчыт Бацькаўшчыны: адзін удар на восем цэляў і дзвесце кіламетраў.

Сусветная прэм'ера - супрацьтанкавы робат "Багамол". Яшчэ ўчора такі апарат - не больш як спецэфект для блокбастара. А сёння гэта рэальнае ўзбраенне. Гонар нашай арміі. Такім комплексам могуць пахваліцца ўсяго некалькі краін у свеце.

Побач з суровымі гвардзейцамі, а таксама гасцямі з Кітая і Расіі чаканяць крок… дзяўчаты. Жаночы полк - адна з галоўных фішак парада, зрэшты, пры падрыхтоўцы ніякіх патуранняў слабому полу не рабілі: усё па-ваеннаму выразна і дысцыплінавана, строй неабходна трымаць. А ўжо тым больш у паветры, дзе майстэрства пілотаў можна было ўбачыць увачавідкі, і капрызнае надвор'е не перашкода, а стымул.

І куды без РГВ. Рота ганаровай варты - элітнае падраздзяленне. Суладныя, адточаныя рухі - фірмовыя элементы зайгралі па-новаму.

Вельмі важны элемент урачыстасці - акцыя "Мой родны кут". Не проста танец - пасыл. Адзінства малой радзімы, усіх рэгіёнаў Беларусі - гэта нябачныя ніткі, якія злучаюць кожнага жыхара ў нацыю. Незалежную, спакойную, якая шчыра заклікае ўсіх да, здавалася б, банальнай, але згубленай у бурным струмені сучаснасці думкі, што неабходны мір ва ўсім свеце.

Незалежнасць - масток, які мы пракладаем паміж мінулым і будучыняй. Яна не даецца ў спадчыну проста так, не вылучаецца гісторыяй навечна. Цана неабачлівасці нават сёння можа быць залішне высокая. Беларусы гэта разумеюць. Магчыма, менавіта таму 3 Ліпеня такое маштабнае, народнае свята, але ад гэтага не меней асабістае, сакральнае. Таму што памятаем, таму што наша незалежнасць не падарунак, а зароблены продкамі скарб - памяць. У ёй адказы на ўсе пытанні і ключ да развіцця вольнай дзяржавы - Беларусі.