Аляксандр Лукашэнка прыняў кадравыя рашэнні і пазначыў ключавыя праблемы ў Магілёўскай вобласці

2 апреля 2019

Сёння ў Палацы Незалежнасці абмяркоўвалі развіццё рэгіёнаў Беларусі. Галоўная задача - не павінна быць разрыву паміж цэнтрам, абласцямі і нават самымі аддаленымі раёнамі нашай краіны. Важна зрабіць жыццё людзей добрым не толькі ў буйных гарадах, але і ў глыбінцы. Забяспечыць высокапрадукцыйнымі рабочымі месцамі і годным заробкам. Развіццё рэгіёнаў непарыўна звязанае са сферай АПК. Бо беларускія землі ў прамым сэнсе кормяць усю краіну. Таму нядзіўна, што сённяшні дзень Кіраўнік дзяржавы пачаў з важнага кадравага рашэння. Прызначаны новы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання.

Пасаду заняў Анатоль Хацько, які змяніў Леаніда Зайца (ён зараз кіруе Магілёўскім аблвыканкамам). Прынцыповая ратацыя стала лагічным крокам па выніках паездкі Прэзідэнта ў Магілёўскую вобласць - рэгіён спрацаваў слаба. Лічыцца сярод адсталых у ключавых сацыяльна-эканамічных паказчыках, у тым ліку і ў аграрнай сферы. Гэта нягледзячы на тое што якасць глебы ў гэтым рэгіёне на даволі высокім узроўні. Новы міністр - профільны эксперт у жывёлагадоўлі. І ў гэтай галіне сельскай гаспадаркі ў краіне хапае праблем, так што такі вопыт, несумнеўна, спатрэбіцца і на высокай пасадзе. Ну, а пачынаць прыйдзецца без прамаруджвання: у краіне поўным ходам ідзе пасяўная кампанія. Ад таго, як спрацуюць аграрыі ў гэтыя дні, шмат у чым залежыць і будучы ўраджай, і стан спраў у галіне ў перспектыве. Аляксандр Лукашэнка пазначыў галоўныя праблемныя пытанні, якія трэба вырашаць новаму міністру.

Сёння ж кіраўніком Шклоўскага райвыканкама стаў Аляксандр Ціток. Да гэтага ён працаваў начальнікам дэпартамента МНС па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Яшчэ раней кіраваў Хойніцкім раёнам. Гэта значыць, за плячамі ўжо ёсць добры вопыт - гэта асабліва адзначыў Прэзідэнт. Прычым вопыт унікальны: і як кіраўніка высокага звяна, і як працаўніка міністэрства, дзе ў прамым сэнсе жыццёва важна прытрымлівацца дысцыпліны і парадку. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Шклоўскі раён з'яўляецца вядучым не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і краіне ў цэлым. На думку Аляксандра Лукашэнкі, сярод асноўных праблем у Магілёўскай вобласці і Шклоўскім раёне застаецца адсутнасць дысцыпліны.