Аляксандр Лукашэнка запрасіў старшыню Кітая наведаць Беларусь

1 октября 2017

У віншавальным пасланні Аляксандр Лукашэнка запрасіў старшыню Кітая наведаць Беларусь з дзяржаўным візітам у 2018 годзе, выказаўшы ўпэўненасць, што гэтая падзея надасць новы магутны імпульс двухбаковаму ўзаемадзеянню. КНР - даўні палітычны і эканамічны партнёр Беларусі. Сустракацца раз на год, а тое і часцей, у лідараў дзвюх краін стала добрай традыцыяй. Статус стратэгічнага партнёра падкрэслівае: закрытых тэм няма, а планы на будучыню вялізныя.

Сёлета лідары дзвюх краін сустракаліся ў Пекіне падчас форуму "Адзін пояс - адзін шлях", а таксама сам-насам. Аляксандр Лукашэнка назваў Шаўковы шлях не проста маршрутам, а каналам рухаў ідэй і сумеснага стварэння інавацый.

Каля трох дзясяткаў міжнародных дакументаў і сумесная дэкларацыя за подпісам кіраўнікоў дзвюх краін. Такі вынік дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў КНР летась. Усе праекты Беларусі і Кітая з прыцэлам на будучыню. Праз некалькі гадоў яны дадуць вынік.

Самы маштабны з іх - Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". Ён важны пункт у "Эканамічным поясе Шаўковага шляху". Сёння тут ужо каля 20 рэзідэнтаў.

Зараз абедзве краіны актыўна працуюць над ростам тавараабароту. Сёлета больш за 650 мільёнаў долараў павінен скласці айчынны экспарт. Да 2020 года плануем гандляваць на паўтара мільярда.