Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у Таджыкістан для ўдзелу ў саміце СНД

27 сентября 2018

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Таджыкістан.

Заўтра ў Душанбэ адбудзецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў - удзельнікаў СНД. Прэзідэнты разгледзяць і прымуць рашэнні як па пытаннях бягучай дзейнасці Садружнасці, так і па развіцці далейшага ўзаемадзеяння ў розных сферах. Самалёт Кіраўніка беларускай дзяржавы ледзь больш як гадзіну таму здзейсніў пасадку ў аэрапорце Душанбэ. Аляксандра Лукашэнку сустракалі прэм'ер-міністр Таджыкістана і мэр Душанбэ.

Адразу з аэрапорта картэж беларускага лідара накіраваўся ва ўрадавую рэзідэнцыю прэзідэнта Таджыкістана. Разам з іншымі лідарамі, якія ўжо прыбылі ў Душанбэ для ўдзелу ў саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД, Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у нефармальнай вячэры. Кіраўнікі дзяржаў, у прамым сэнсе, змаглі пагутарыць у нефармальнай атмасферы, без гальштукаў. А заўтра будзе вялікая праца.

Найболей прынцыповай тэмай саміту можа стаць бяспека. Аб гэтым журналістам паведаміў пасол Беларусі ў Таджыкістане. Таксама традыцыйна вялікая ўвага - эканоміцы і гуманітарнаму супрацоўніцтву. У цэлым кіраўнікі дзяржаў будуць абмяркоўваць каля двух дзясяткаў пытанняў. Чакаецца прыняцце шэрагу заяў.

Алег Іваноў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Таджыкістане:

"Вядома, у закрытым фармаце заўсёды абмяркоўваюцца глабальныя пытанні. І санкцыйныя рэжымы будуць абмяркоўвацца, якія зараз у свеце набылі незвычайную папулярнасць дзякуючы асобным краінам. І наша сумеснае процідзеянне сучасным выклікам і пагрозам".

За рамкамі саміту запланаваныя двухбаковыя мерапрыемствы Беларусі і Таджыкістана. Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон абмяркуюць найболей актуальныя пытанні ўзаемадзеяння і пракантралююць ход рэалізацыі ранейшых дамоўленасцяў.