Аляксандр Лукашэнка: Кожны першакласнік павінен мець усё неабходнае для школы

18 августа 2015

Прэзідэнт прыняў з дакладам міністра адукацыі Беларусі. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, кожны першакласнік павінен мець усё неабходнае для школы. Сёлета ў нашай краіне ў першы клас ідуць больш як сто тысяч дзяцей. І, паводле слоў Прэзідэнта, гэты дзень павінен стаць для іх сапраўдным святам, якое яны запомняць на ўсё жыццё. Таму асноўная задача дзяржавы - зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы дзецям з сем'яў з невялікімі прыбыткамі.

Таксама Кіраўнік дзяржавы паставіў перад міністрам адукацыі некалькі задач. У прыватнасці, надаць больш увагі прафесійнаму навучанню і ўдасканальваць сістэму цэнтралізаванага тэсціравання.

Міхаіл Жураўкоў, Міністр адукацыі Беларусі: "Кіраўнік дзяржавы даў згоду на прапрацоўку пытанняў, звязаных, напрыклад, са здачай 4 прадметаў на ЦТ, а таксама на падачу дакументаў адразу ў некалькі вышэйшых навучальных устаноў па аднолькавым профілі. І некаторыя тэхнічныя змены, якія датычацца самой працэдуры правядзення ЦТ, якія мы да канца прапрацуем і пададзім будучым абітурыентам".

Міністр адукацыі далажыў Кіраўніку дзяржавы пра вынікі ўступнай кампаніі. На думку Міхаіла Жураўкова, сёлета ўзровень падрыхтоўкі абітурыентаў вырас. Будучыя студэнты набіралі больш за 300 балаў. Таксама ў два разы павялічыўся экспарт адукацыйных паслуг. Сёння, апроч студэнтаў з Расіі, Туркменістана і Нігерыі, у Беларусі жадаюць атрымліваць вышэйшую адукацыю студэнты з Казахстана, Кіргізіі, Пакістана і Індыі. Падрабязнасці рабочых сустрэч Прэзідэнта глядзіце сёння ў 9 вечара ў "Панараме".