А. Лукашэнка: Тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы

3 сентября 2019

Тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы. Ён не ведае межаў, жорсткі і  бесчалавечны, яго ахвяры -  звычайныя людзі.

Гэты несуцяшальны факт канстатаваў Аляксандр Лукашэнка падчас выступлення на міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам. Вялікі сумесны форум па лініі Беларусь - ААН у гэтыя хвіліны праходзіць у Мінску. Менавіта Арганізацыі Аб'яднаных Нацый належыць галоўная роля ў  гарантаванні міру. Наша краіна працягвае падтрымліваць усе ініцыятывы аб'яднання. У 2006 годзе  мы выступілі за прыняцце Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі - першага дакумента, які вызначыў агульнасусветны падыход да барацьбы з тэрарызмам. Аднак, перакананы Прэзідэнт, сёння з гэтым выклікам сучаснасці - тэрарызмам - справіцца ў адзіночку, на жаль, немагчыма.

Аляксандр Лукашэнка выступіў з ініцыятывай сфарміраваць так званы пояс лічбавага добрасуседства. Так, Прэзідэнт Беларусі заклікае краіны заключыць міждзяржаўныя пагадненні, каб разам працаваць над гарантаваннем інфармацыйнай бяспекі. Ключавымі элементамі такіх дамоўленасцяў маглі б стаць ідэі лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту, гэта значыць гарантыі не ўмешвацца ў інфармацыйныя рэсурсы адно аднаго.