А. Лукашэнка: Новы парламент павінен стаць цэнтрам прагрэсіўнай заканатворчасці

5 декабря 2019
Зарука паспяховага развіцця краіны - палітычная стабільнасць і зладжаная праца ўсіх галін улады.

Такім стаў лейтматыў сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі  з парламентарыямі 6 і 7 скліканняў Нацыянальнага сходу. Дзякуючы парламенту  дзяржава змагла запоўніць прававы вакуум, з якім сутыкнулася ў пачатку суверэнітэту. Асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі  прапісаліся ў законах. А іх  больш за 2 тысячы за гісторыю незалежнасці. Беларускі лідар назваў парламент вядомым і аўтарытэтным. Яго дзейнасць спрыяе ўмацаванню статусу Мінска  як значнай міжнароднай пляцоўкі, а таксама   прасоўванню нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Адсутнасць палітычных рознагалоссяў і канструктывізм ляжаць у аснове высокіх вынікаў працы.

Прэзідэнт распавёў аб будучых перамовах з Пуціным


Тэмы на сустрэчы сёння прагучалі розныя - ад пунктаў эканамічнага росту Беларусі, развіцця сацыяльнай палітыкі і павышэння нараджальнасці да асобных аспектаў знешняй палітыкі. Прэзідэнт адказаў і на пытанні, якія абмяркоўваюцца ў грамадстве. Напрыклад, аб будучых перамовах (заўтра і ў суботу)  з Пуціным, а таксама ў цэлым  аб праблематыцы ў адносінах з Расіяй.

Завяршаецца праца над пакетам дарожных карт па паглыбленні інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве. І Аляксандр Лукашэнка, каменціруючы розныя здагадкі і правакацыі ў інтэрнэце, даў зразумець - пытанне беларускага суверэнітэту  не абмяркоўвалася і ніколі не будзе. Беларусь настроена на канструктыўнае ўзаемадзеянне, але толькі на роўных умовах. Будучы парадак дня выключна эканамічны, у прыватнасці, не вырашаны пытанні па газе і нафце. Дагэтуль не маем дамовы па аб'ёме і цэнах. Усё яшчэ не вырашана і праблема па бруднай нафце.

Прэзідэнт узнагародзіў лепшых парламентарыяў  6 склікання

Дэпутатам новага склікання Прэзідэнт параіў часцей бываць у працоўных калектывах. А ў 6-м скліканні ўзнагародзіў лепшых за актыўную грамадзянскую дзейнасць і ўклад у развіццё парламентарызму. На памяць аб сустрэчы застанецца і агульнае фота. 

Сустрэчы Прэзідэнта з парламентам - добрая традыцыя суверэннай Беларусі

Парламентарыі назвалі сустрэчу добрай новай традыцыяй суверэннай Беларусі. Магчымасцю з першых вуснаў пачуць аб задачах, якія стаяць перад парламентам і дзяржавай. 

Дэпутаты павінны працаваць на сваіх выбаршчыкаў

Ігар Марзалюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 6 і 7 скліканняў: "Толькі той дэпутат годны насіць назву дэпутата, якога пазнаюць у яго акрузе, ведаюць у яго акрузе. Вось гэта сказаў Прэзідэнт. Я на сваім вопыце магу сказаць, калі чалавек хаваецца ад людзей, ён як мінімум пераблытаў нешта. Вось гэта быў такі ўказ для ўсіх".

Задача дэпутата - умацаванне суверэнітэту Беларусі


Алег Румо, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі 6 і 7  скліканняў: "Свет змяняецца. І тая сітуацыя ў свеце і ўнутрыпалітычная сітуацыя ў краіне, якая была тры з паловай гады таму і сёння, яна зусім іншая. У нас новыя выклікі, новыя мэты і задачы. І мая місія - адказваць на тыя выклікі, рабіць усё, каб парламент працаваў эфектыўна, каб ён працаваў зладжана".

Алег Гайдукевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 6 склікання: "Я думаю, што кожны дэпутат, у тым ліку і я, зноў абраны, павінен працаваць над тым, каб умацоўваць нашу незалежнасць і суверэнітэт, каб наша краіна квітнела. І другі момант - каб людзі жылі лепш. А гэта ўжо цэлы комплекс. Гэта эканоміка, бяспека, умацаванне інстытута ўлады. Гэта і геапалітыка, у тым ліку і адстойванне нашых інтарэсаў за межамі краіны".


Тэгі:

#Выборы 2019