А.Лукашэнка: Дасягнуць стапрацэнтнай энергетычнай незалежнасці і бяспекі

16 ноября 2018

Дасягнуць стапрацэнтнай энергетычнай незалежнасці і бяспекі - такую глабальную задачу Прэзідэнт ставіць перад урадам. Сёння адбылася вялікая размова аб развіцці і будучыні нацыянальнай энергетыкі. Эксперты лічаць энергасістэму Беларусі адной з самых надзейных і эфектыўных на постсавецкай прасторы, аднак наспела неабходнасць ліквідаваць наяўныя недахопы. Гэты сектар эканомікі можа працаваць больш эфектыўна: рэзервы для гэтага ёсць. Пакуль прапановы ўрада адправілі на дапрацоўку. Прэзідэнт патрабуе выпрацаваць і дакладны план па пашырэнні кірункаў выкарыстання электраэнергіі ў розных сферах.

З Палаца Незалежнасці наш аглядальнік Наталля Брэвус.

Складаны, але выключна важны для эканомікі сектар. Менавіта так выказаўся Кіраўнік дзяржавы аб энергетычнай сістэме. Ад таго, як яна функцыянуе, залежыць ні многа ні мала - бяспека і незалежнасць краіны. Таму энергасістэма працаваць павінна як гадзіннік.

Апошнія гады ў энергасістэму было ўкладзена нямала. У выніку Беларусь выйшла на перадавыя пазіцыі сярод краін СНД па ўдзельным выдатку паліва на вытворчасць аднаго кілавата электраэнергіі. Менш сталі спажываць паліва па імпарце. А гэта прыкметнае зніжэнне валютнай нагрузкі на эканоміку - больш як на паўмільярда долараў.

Паказальна, што сёлета мы ўпершыню цалкам адмовіліся ад куплі электраэнергіі, уся свая. Энергетычную сістэму Беларусі эксперты лічаць адной з самых надзейных на постсавецкай прасторы, але наспела неабходнасць ліквідаваць наяўныя недахопы. Энергетыка краіны можа працаваць больш эфектыўна - рэзервы для гэтага ёсць.

Пытанне, якое непарыўна звязана з далейшым развіццём беларускай энергетыкі, - гэта выкарыстанне электраэнергіі. Магутнасцяў хапае, а з уводам у строй Беларускай АЭС будзе яшчэ больш.

Важная задача для Саўміна – распрацаваць дакладны, а галоўнае рэалістычны план: як больш выкарыстоўваць электрычнасць у прамысловасці, АПК, транспартнай сферы, у ЖКГ і IT-сектары, г.з. усюды па максімуме. Не зацягваць, на гэта арыентуе ўрад Аляксандр Лукашэнка.

Ва ўрадзе разумеюць, што выкарыстанне электраэнергіі павінна стаць прывабным. Як гэта зрабіць - міжведамасная група ўжо акумулюе ўсе прапановы.

Падрабязнасці плана па электраэнергіі пададуць у першай палове наступнага года. А сёння на нарадзе падрабязна абмеркавалі развіццё ўсёй энергасістэмы і, у прыватнасці, недахопы дзеючай структуры, варыянты аптымізацыі і новай сістэмы працы. Прагучаў увесь спектр меркаванняў. Ва ўрада ёсць бачанне, як удасканальваць галіну. Ацэньваюцца тэрміны і рызыкі. Жорсткае патрабаванне Прэзідэнта: у любых пературбацый павінна быць эканамічнае абгрунтаванне.

Бо ствараем для сябе, для краіны. Таму пакуль, улічваючы заўвагі Кіраўніка дзяржавы, прыйдзецца дапрацаваць рашэнні па аптымізацыі ўсёй структуры. Зрабіць гэта трэба ў самыя кароткія тэрміны. Плануюць падключыць і незалежных экспертаў. Пераўтварэнні павінны даць адчувальны эфект для энергасістэмы, прадпрыемстваў і людзей. Галоўная мэта - стапрацэнтная энергетычная незалежнасць і бяспека.