6 лістапада афіцыйна ўступіў на пасаду зноў абраны Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка

6 ноября 2015

Сённяшні дзень вялікімі літарамі ўпісаны ў гісторыю суверэннай Беларусі. 6 лістапада 2015 года - дата афіцыйнага ўступлення на пасаду зноў абранага Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Цырымонія інаўгурацыі прайшла ў Палацы Незалежнасці, пасля чаго на плошчы Дзяржаўнага флага вайскоўцы прынеслі клятву на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту. Месца правядзення ўрачыстасці стала сімвалічным увасабленнем намераў і памкненняў міралюбнай, але суверэннай палітыкі Беларусі. І гэтая думка сёння таксама прагучала падчас выступлення зноў абранага Кіраўніка дзяржавы. Беларусь адкрытая для раўнапраўнага супрацоўніцтва з краінамі Захаду, ЗША і Еўрасаюзам. "Няма ніякіх перашкод для таго, каб перагарнуць старонкі мінулага і пачаць новую гісторыю адносінаў з чыстага ліста", - прамова, з якой Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да прысутных, выйшла далёка за рамкі афіцыйнага пратакола. І па часе, і па змесце. Сярод закранутых тэм і эканоміка (яе трэба ўзняць на больш высокі ўзровень), і сацыяльная сфера (дзяржава прадоўжыць клапаціцца аб адзінокіх старых), сфера аховы здароўя, якую ў дачыненні да немаўлят і маці ў свеце ацэньваюць на самых высокіх пазіцыях, і глабальны арыенцір, якім краіна павінна кіравацца найбліжэйшыя 5 гадоў: Беларусь павінна ўвайсці ў лік самых развітых краін свету, робячы стаўку на інавацыі. І ў гэтым ужо ёсць пэўны зачын.

З падрабязнасцямі інаўгурацыі Андрэй Крывашэеў.

Месца, час, асоба ў гісторыі, нацыянальным развіцці і дзяржаўным будаўніцтве. Сёння, 6 лістапада, усе тры палітычныя фактары - Палац Незалежнасці, вынікі і падзеі пяці гадоў і асоба першага Прэзідэнта, які атрымаў вялізны рэсурс і мандат даверу, - сышліся ў адной цырымоніі. Гістарычнай цырымоніі інаўгурацыі.

Гэтыя ўнікальныя кадры ўвасаблення волі народа ў рэальную палітыку назіралі сотні высокіх гасцей у зале, мільёны грамадзян Беларусі і дзясяткі мільёнаў за яе межамі. Сумленная і прынцыповая пазіцыя Беларусі і яе лідара зрабілі навіны з Беларусі і пра Беларусь брэндам стабільнасці, парадку, цывілізаванасці.

Госці цырымоніі таксама эмоцый і сімпатый не ўтойвалі. Насуперак дыпламатычнай сухасці і палітэсу сёння гаварылі пра галоўнае - маладая нацыя сама для сябе выбрала і абараніла свой унікальны шлях развіцця, сваё права "людзьмі звацца".

Сяргей Лебедзеў, Старшыня Выканаўчага камітэта - Выканаўчы сакратар СНД: "Мы ўсе з'яўляемся сведкамі пазітыўных змяненняў у жыцці Беларусі. І не зважаючы на эканамічныя цяжкасці, на санкцыі Беларусь развіваецца. І народ на гэтых выбарах выказаўся за працяг гэтай лініі, аказаўшы давер Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку".

Брус Бакнел, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі: "Новая старонка нашых адносін з Беларуссю. Іх паляпшэнне не адбываецца за дзень, гэта рух насустрач. Мы да гэтага імкнемся крок за крокам, і адмена санкцый заканамерная. Мы хочам развіваць наш дыялог і надалей".

Генадзь Зюганаў, старшыня ЦК Камуністычнай партыі Расіі, кіраўнік фракцыі Камуністычнай партыі ў Дзярждуме Расіі: "Вы найбольш устойліва развіваліся, у вас вышэйшыя тэмпы, у вас без скандалаў прайшоў рэферэндум, захавалі двухмоўе і адначасова набываеце новы вопыт. Трэба парадавацца і з гэтым павіншаваць і беларускі народ, і Прэзідэнта Лукашэнку, які здолеў правесці са сваёй камандай гэтую палітыку".

Высокая палітычная культура беларусаў да, падчас і пасля выбараў, намаганні па аднаўленні міру і парадку на кантыненце, нарэшце, устойлівае і гарманічнае, г. зн. чалавечае развіццё "развязалі языкі" раней халоднай Еўропе. Аказалася, без Беларусі як вострава і донара стабільнасці ўжо не ўяўляе сябе Стары Свет - ад Украіны і Францыі да Прыбалтыкі і Швецыі.

Леанід Кучма, другі Прэзідэнт Украіны: "Стабільнасць. Я, гледзячы на сітуацыю ў Беларусі, хацеў бы пажадаць такой стабільнасці Украіне і ўсім народам, таму што мы яшчэ ідзём па такім шляху, па якім нікому не жадаем ісці ў будучыні".

Цьеры Марыяні, дэпутат парламента, член ПАСЕ і ПА АБСЕ (Францыя): "Адносіны Беларусі і Францыі сапраўды добрыя і мацнеюць. Нашы кампаніі ўсё часцей накіроўваюць свой погляд на Беларусь. Ваш вобраз імкліва мяняецца ў еўрапейскай грамадскай думцы, мы ідзём у правільным кірунку. Не ведаю, ці можна параўнаць гэта з гістарычнай "Нармандыяй - Нёман" ці новай Нармандыяй - Мінск, але ўпэўнены, што мы на шляху да ўзлёту".

Марцін Оберг, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь: "Я шчаслівы адзначыць, што сёння ў Беларусі і Швецыі нармальныя, добрыя адносіны. Ведаю, што ёсць намер адкрыць беларускае пасольства ў Стакгольме. Швецыя вітае гэты крок. Як толькі Беларусь будзе гатовая, мы з радасцю сустрэнем беларускую дыпламатычную місію ў Швецыі".

Эвалдас Ігнатавічус, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь: "У нас нядрэнная дынаміка эканамічных адносін, асабліва ў сферы транзіту праз клайпедскі порт, які ўжо стаў і беларускім портам. Але і на восі развіцця адносін Беларусь - ЕС таксама шмат новага і цікавага. Мы чакаем, што гэта будзе дзейсна".

Пра ўнікальную духоўную і маральную пазіцыю Беларусі ў сучасным канфліктамі свеце гаварылі на цырымоніі і дзве найважнейшыя канфесіі - праваслаўныя і католікі. Гаварылі адной мовай біблейскіх прынцыпаў і з пазіцыі адной хрысціянскай цывілізацыі. Духоўнае пажаданне - выдужаць у шторме ломкі каштоўнасцяў, маралі і самой гісторыі.

Клаўдзіа Гуджэроці, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь: "Беларусь - гэта адзіная рэспубліка былога Савецкага Саюза, дзе няма жабракоў. Менавіта гэта першае і галоўнае права чалавека - жыць, працаваць, мець доступ да медыцыны і адукацыі. Я жадаю Аляксандру Лукашэнку захаваць гэта, а свету жадаю разгледзець і прыняць зычлівасць Беларусі, сяброўства і працавітасць вашага народа. Жадаю адкрыць для сябе сапраўдную Беларусь".

Павел, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі: "Хачу пажадаць Аляксандру Рыгоравічу дапамогі боскай у яго працах, у яго вялізны вопыт, не трэба вучыцца. Пазычыць моцнага здароўя, надвор'я добрага, каб усё выконвалася, што ён задумаў, ну а народу дабрабыту".

Сімвалічна, што свае першыя словы ўжо ў рангу зноў абранага Прэзідэнта беларускі лідар звярнуў да простых выбаршчыкаў. Гэта іх воля, адзінства, спакой і характар дазволілі сёння ганарыцца краінай і яе агульнай перамогай.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "Гэта перамога ўсяго беларускага народа. Без ліслівасці: мы ганарымся сваёй краінай і народам. Народ паказаў, хто гаспадар, і для мяне гонар служыць гэтаму народу!"

Выказаўся Прэзідэнт і на самую вострую тэму новага часу - наконт рэформаў. Дыскусію, адкрытую і дэмакратычную вітаў, але хвацкі запал рэфарматараў, здольны разбурыць дзяржаву для чалавека, мадэль і надзею мільёнаў, адукацыю, медыцыну, абарону старых і дзяцей, прамысловасць і агракомплекс, лідар астудзіў. "Ламаць не будаваць. Пачніце з сябе, а потым квапцеся на такой працай здабытае народнае", - параіў Прэзідэнт.

Наш нацыянальны спакойны і камфортны для чалавека працы шлях мадэрнізацыі сёння ў свеце падтрымліваюць многія, калі не большасць. Не заўсёды эліты, але заўсёды народы. Ад народаў-саюзнікаў і братоў па еўразійскай прасторы да сусветнай пляцоўкі дыялогу і развіцця - Аб'яднаных Нацый.

Сяргей Сідорскі, член калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі: "Мы стварылі новыя прадпрыемствы, новыя фермы. Наш прадукт сёння па якасці запатрабаваны ўнутры краіны. Галоўнае - каб за межамі краіны не страчваць брэнд "Зроблена ў Беларусі". У нас ёсць добрыя перспектывы пераадолець той негатыў, які ёсць у эканоміцы дзяржаў Саюза, і стаць лідарамі".

Санака Самарасінха, Пастаянны каардынатар прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь: "Лепшы рэсурс Беларусі - гэта ваш народ. Я перакананы, што з такім капіталам Беларусь зможа стаць лідарам у сусветным працэсе дасягнення мэтаў устойлівага развіцця, якія мы разам вызначылі на саміце ААН. Гэта і эканоміка, і развіццё чалавечага патэнцыялу, і абарона прыроды. Беларусь можа стаць першай у гэтай ініцыятыве, я ўпэўнены".

Адзначыў Прэзідэнт у сваёй першай праграмнай прамове новага гістарычнага этапа і гісторыю адносін з суседзямі і партнёрамі. Галоўны пасыл - хопіць ірваць Беларусь на часткі: на Захад або Уход. Наш суверэнітэт не флюгер, пад вятрамі звонку не хіліцца і не круціцца. Тым больш за свае нацыянальныя інтарэсы стаім на сваёй зямлі і чужой не жадаем.

Відаць, нашы прынцыпы глабальнымі гульцамі, партнёрамі і саюзнікамі пачутыя і прынятыя. Г. зн. агароджы на беларускай зямлі паміж Захадам і Усходам, паміж вялікімі Кітаем, Расіяй і ЗША не будзе.

Андрэа Віктарын, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь: "Я ўпэўненая, што мы будзем актыўна развіваць адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю падчас новага прэзідэнцкага тэрміну. Беларусь і ЕС разам павінны супрацьстаяць глабальным выклікам і пагрозам, больш дынамічна супрацоўнічаць у сферы эканомікі. І я бы хацела, каб і Прэзідэнт, і народ, і мы разам адкрылі новыя магчымасці для кожнага".

Чжун Шань, спецыяльны прадстаўнік Старшыні КНР: "Нашы адносіны выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень. Мы наладзілі ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. Паміж нашымі лідарамі вельмі блізкія, цесныя сувязі і сяброўства. Пра гэта гаворыць і мой удзел у цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі ў якасці спецпрадстаўніка Сі Цзіньпіна".

Завяршаючы свой зварот да народа, Прэзідэнт выступіў не як вопытны палітык і дзяржаўны дзеяч, надзелены каласальным даверам, а як чалавек і грамадзянін, як патрыёт сваёй Радзімы.

Фінал гістарычнай цырымоніі на плошчы Дзяржаўнага флага - новым сімвале суверэннай Беларусі. Менавіта тут асабліва ўрачыста і шчыра гучыць клятва і Галоўнакамандуючага, і воінаў усіх сілавых падраздзяленняў краіны да апошняга абараняць незалежнасць і народ, калі спатрэбіецца, то і сваімі грудзьмі.

Гістарычная цырымонія - гэта яшчэ і свята. З гэтай нагоды на маштабным канцэртным дзействе сёння можна і трэба адпачнуць і адсвяткаваць, каб заўтра з новымі сіламі прадоўжыць будаўніцтва свайго лёсу і лёсу суверэннай Беларусі.

Інаўгурацыю Прэзідэнта як найважнейшы дзяржаўны рытуал нельга лічыць выключна завяршэннем чарговага палітычнага і электаральнага цыкла ў Беларусі. Для маладой дзяржаўнасці важныя ўсе элементы суверэнітэту: і Прэзідэнт як гарант Канстытуцыі, бяспекі і стабільнасці, і палац як сімвал незалежнасці, і плошча Дзяржаўнага флага, і прысяга вайскоўцаў як атрыбут самастойнасці, і шматлікія госці і запрошаныя як факт канструктыўнай згоды ў грамадстве, з суседзямі і партнёрамі. Усё гэта - аснова будучага развіцці Беларусі. А значыць інаўгурацыя, завяршаючы няпросты этап у найноўшай гісторыі, адкрывае новы, з новымі выклікамі і магчымасцямі ўмацавання нацыянальнага суверэнітэту. Наколькі ўстойлівым ён будзе - залежыць не толькі ад беларускага лідара, але і ад кожнага грамадзяніна Беларусі, чые правы, пазіцыю і інтарэсы афіцыйна з сённяшняга дня дэ-юрэ і дэ-факта будзе адстойваць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.