Ускладанне вянка да манумента Незалежнасці ў Ташкенце і перамовы адзін на адзін - працягваецца афіцыйны візіт Лукашэнкі ва Узбекістан

8 февраля 2024

Працягваецца афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан. Напярэдадні вечарам беларускі лідар правёў нефармальную сустрэчу са сваім калегам Шаўкатам Мірзіёевым.

Сёння асноўны дзень перамоў, які пачаўся з цырымоніі ўскладання вянка да манумента Незалежнасці ў Ташкенце. Гэта 60-метровая стэла, якую вянчае птушка шчасця Хумо - сімвал міру, росквіту і свабоды. Аляксандра Лукашэнку суправаджалі беларускія і ўзбекскія афіцыйныя асобы.

Месцам для перамоў лідараў выбраны загарадны комплекс "Куксарой" - дзеючая дзяржаўная рэзідэнцыя Прэзідэнта Узбекістана. Сустракалі Аляксандра Лукашэнку з усімі ўшанаваннямі, як таго патрабуе пратакол: з ротай ганаровай варты і, вядома, гімнам краіны госця - ён гучаў першым.

Пасля афіцыйнай сустрэчы кіраўнікі дзяржаў павіталі свае дэлегацыі і накіраваліся ў палац на цырымонію фатаграфавання. Па традыцыі перамовы прэзідэнтаў спачатку прайшлі ў фармаце адзін на адзін - лідары размаўлялі за зачыненымі дзвярамі амаль дзве гадзіны, затым да іх далучыліся члены дэлегацый. У цэнтры ўвагі пытанні паглыблення міждзяржаўных адносін, інтэнсіфікацыя гандлёва-эканамічнага і культурнага ўзаемадзеяння.

Асаблівую ўвагу ў адносінах афіцыйных Мінска і Ташкента нададуць развіццю кааперацыйных сувязяў. Чакаецца, што будзе абмяркоўвацца не толькі ўнутраны парадак дня, але і сусветны, у тым ліку перспектывы ўзаемадзеяння дзвюх краін у інтэграцыйных структурах.