Пытанні бяспекі абмяркоўваюць у Мінску прадстаўнікі ААН і АБСЕ

9 октября 2018

Аб пытаннях сусветнай бяспекі гавораць на мінскай пляцоўцы. У сталіцы адкрылася міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню пад эгідай АБСЕ. Гэта вялікая размова аб барацьбе з тэрарызмам у лічбавую эпоху. Што супрацьпаставіць глабальным выклікам, абмяркуюць эксперты з сарака краін. Гэта сустрэча пацвярджае прызнанне ініцыятыў і намаганняў Беларусі па наладжванні дыялогу паміж краінамі. Яшчэ перад пачаткам міжнароднага форуму Прэзідэнт сустрэўся з ключавымі персонамі ў сістэме АБСЕ і ААН, каб абмеркаваць супрацоўніцтва з арганізацыямі. Падрабязнасці ў Наталлі Брэвус.

Ужо нікога не здзіўляе, што менавіта ў Мінску чарговы раз гавораць аб глабальнай бяспецы. Эпоха лічбы, вядома, прыкметна аблягчае нам жыццё, але стварае і новыя рызыкі. Гэта стане прадметам дыскусіі міжнародных экспертаў. Перад пачатам форуму Прэзідэнт сустрэўся з топавымі персонамі ў сістэме АБСЕ і ААН.

Генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер яшчэ ў маі ў Мінску гаварыў пра тое, што ўзаемаадносіны паміж краінамі ў свеце сёння выклікаюць турботу.

Супрацьстаянне Усходу і Захаду толькі ўзмацняецца. Важна не дапускаць эскалацыі. Таму дыялог у самых розных варыяцыях - гэта тое, што трэба. З'яўляючыся ўдзельнікам АБСЕ, Беларусь не сядзіць склаўшы рукі, актыўнічае ў яе дзейнасці. Пытанні бяспекі нам не абыякавыя. Тым больш калі неспакойна ля самых нашых межаў. Ініцыятыўную пазіцыю цэняць у свеце - менавіта ў нас мінулым летам сустракаліся парламентарыі краін АБСЕ.

Мы гатовыя рабіць больш - важны акцэнт, які прагучаў ад беларускага Прэзідэнта на сустрэчы з Генеральным сакратаром АБСЕ. Больш важкай павінна быць і роля Арганізацыі пры вырашэнні міжнародных праблем.

Беларусь і АБСЕ цесна супрацоўнічаюць па шэрагу пытанняў, у тым ліку такіх, як барацьба з гандлем людзьмі, рэформа сектара бяспекі, пытанні гендарнай роўнасці. Ну і вядома мінскі фармат перамоў па Украіне застаецца вельмі важным.

Сур'ёзная пагроза міру і бяспецы сёння - гэта тэрарызм. Статыстыка ААН несуцяшальная: летась было ўчынена 11 тысяч тэрактаў у больш чым 100 краінах. У выніку загінулі 25 тысяч чалавек, 35 тысяч былі параненыя. Уражвае і сума сукупнага эканамічнага ўрону ад тэрарыстычнай пагрозы - 90 мільярдаў долараў! Як разам змагацца з гэтым злом у тым ліку і ў лічбавай прасторы? Задача з зорачкай для дзяржаў свету. Наша краіна падтрымала прыняцце яшчэ ў 2006 годзе Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН. У такім ключы антытэрору працуе Беларусь і ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, і ў рамках АДКБ.

Тое, што гэтая тэма становіцца прыярытэтам ААН, зразумела і таму, што адным з крокаў у гэтым напрамку стала стварэнне год таму контртэрарыстычнага ўпраўлення. Яго кіраўнік - расіянін Уладзімір Варанкоў, дарэчы, з беларускімі каранямі. Бацька дыпламата -ураджэнец Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Гэты факт, вядома, паўплываў на тон размовы ў Палацы Незалежнасці. І датычыўся ён не толькі развіцця сістэмы ААН.

Голас Беларусі ў ААН чутваць - такое было рэзюмэ дыпламата. Дарэчы, апошнім часам у сценах Арганізацыі (гэта было прыкметна на мінулай Генасамблеі) дзяржавы ўсё часцей абменьваюцца папрокамі. Не без гэтага. Таму пытанне ўмацавання даверу выходзіць на першы план. І, як мы бачым, свой пасільны ўклад уносіць і наша краіна. Як было сказана, рэдкая дзяржава сёння так, як Беларусь, будуе масты паміж Захадам і Усходам.